«Чыноўнікі кажуць: будзем вас труціць». Жыхары супраць заводу


Пахучы завод вяртаецца ў Светлагорск! Жыхары ўжо адчулі непрыемныя пахі. Але ўлады кажуць, што гэта часова – ёсць фільтры, і калі завод запрацуе напоўніцу, ніякіх выкідаў не будзе.

Завод сульфатнай беленай цэлюлозы (ЗБЦ) у Светлагорску, які, паводле мясцовых жыхароў і шматлікіх экспертаў, забруджвае паветра ў рэгіёне, ізноў запрацаваў. Пакуль – не напоўніцу, але цэлюлоза ўжо варылася.

Жыхары вёскі Якімава Слабада скардзяцца на смурод. А ў канцэрне «БелЛесПапераПрам», аднак, запэўніваюць, што цяпер праца заводу цалкам бяспечная. Маўляў, для ачысткі ад выкідаў газаў усталяваныя адмысловыя «скруберы», а стан навакольнага асяроддзя ў раёне ўвесь час знаходзіцца пад кантролем Мінпрыроды.

«Працэс яшчэ да канца не наладжаны, ідзе працэс наладкі. Калі запрацуе поўны цыкл, паху ўвогуле не будзе. 99,9 % гэтага ўсяго будзе спальвацца. Але ўсе дазвольныя дакументы ёсць, усе фільтры ёсць. Зроблены дадатак паводле разлікаў нашага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэту і аўстрыйцаў», – кажа прадстаўнік ААТ «Светлагорскі ЦКК».

У Светлагорскім занальным цэнтры гігіены і эпідэміялогіі кажуць, што кантроль якасці паветра адбываецца сумесна з «прадстаўнікамі грамадскасці». Што праўда, у яе складзе – самыя дэпутаты і прадстаўнікі вертыкалі. Менавіта яны на сходзе 21 чэрвеня і пераконвалі жыхароў у тым, што тыя змогуць паўдзельнічаць у замерах.

«Сход быў нядаўна ў клубе – а толку? Яны нават слова людзям не даюць сказаць», – адзначае жыхар Якімавай Слабады.

А таму і падставаў верыць гэтым самым чыноўнікам у людзей не надта багата. Больш таго, паводле мясцовых жыхароў, доступ да вынікаў замераў, якія праводзіліся спецыялістамі з Масквы, будзе мець толькі кіраўніцтва заводу – бо яны іх і замаўлялі Людміла.

«Беспакаранасць і безадказнасць. Людзей трымаюць за ідыётаў. Навучыліся прыгожа страчыць справаздачы ўсялякія», – заўважае мясцовая жыхарка.

Іншы жыхар Якімавай Слабады Вячаслаў Вашкевіч кажа:

«Хлусяць яны. Дык яны самі ў адкрытую і сказалі: пакуль не запусцім завод поўнасцю, будзем вас труціць. Вось і ўсё».

Вось так і атрымліваецца: чыноўнікі кажуць белае, а жыхары адчуваюць чорнае. Прычым на ўласным здароўі.

«Уладу мы не выбіраем. У нас атрымліваецца, на жаль, парадаксальная сітуацыя – мы існуем для гэтай улады, а не гэтая ўлада для нас. І вось гэтую сітуацыю трэба перавярнуць. Трэба ім нагадаць – яны для нас існуюць. Мы мусім ім дыктаваць умовы, а яны мусяць іх выконваць, калі яны з’яўляюцца дзяржаўнымі чыноўнікамі», – мяркуе Алена Маслюкова з групы па кантролю за выкідамі ЗБЦ.

Але пакуль сітуацыя застаецца не вырашанаю.

Светлагорскі завод сульфатнай беленай цэлюлозы пабудаваны генеральным падрадчыкам кітайскай карпарацыяй «CAMCE». Ён мае забяспечваць безадкідную перапрацоўку драўніны, прыносячы 150 мільёнаў долараў чыстага прыбытку на год. Укладзена ж у праект больш за 800 мільёнаў. Большасць грошай даў Кітай. У крэдыт.

Сцяпан Святлоў, belsat.eu