Чыноўнікі ігнаруюць людзей, дом якіх апанаваў грыбок і цвіль


Жыхары мястэчка Гарадзішча Баранавіцкага раёну ўзялі крэдыт на капітальны рамонт. А ў выніку марна патрацілі і грошы, і сілы. Цяпер, у перыяд дажджоў, вада цячэ па ўсёй кватэры. Пачарнела столь, адстаюць шпалеры – ад дарагога рамонту не засталося і следу.

Жыхароў непакояць не толькі змарнаваныя сродкі

Ад вільгаці ў кватэры завёўся шкодны для здароўя грыбок. Таццяна неаднаразова звярталася ў розныя інстанцыі, пісала скаргі, патрабавала капітальнага рамонту дому, на які спраўна робіць адлічэнні. Але адусюль атрымлівала адпіскі.

«Пішуць, што зроблена, будзе зроблена, ведаеце, лістоў шмат, а рашэнняў няма», – наракае спадарыя Блашко.

Мы накіраваліся ў Баранавіцкую раённую камунальную гаспадарку

Кіраўнік арганізацыі загадаў свайму намесніку патлумачыць сітуацыю. Той з журналістамі размаўляў неахвоча.

Дом не ўключаны ў план капітальнага рамонту ў Баранавіцкім раёне да 2020-га года. Але камунальнік патлумачыў, што яны збіраюцца змяніць план ды ўнесці туды і гэты дом.

Ці вылучаць грошы? Вырашыць райвыканкам

Праектава-каштарысную дакументацыю для капітальнага рамонту дому падрыхтавалі яшчэ летась, а тэрмін дзейнасці дакументу – 3 гады, і, калі праект не рэалізуюць, атрымаецца марнатраўства бюджэтных сродкаў. Паводле разлікаў – кошт капрамонту ўсяго Br 3986.

Адзінае спадзяванне ў Таццяны Блашко, што праз увагу медыяў зможа прыцягнуць і ўвагу чыноўнікаў да праблемы.

Вольга Чайчыц, Андрусь Козел, «Белсат»