Чыноўнікі будуць зарабляць на стратных калгасах


Лукашэнка прыняў прапановы ўраду пра «новыя механізмы па аздараўленні сельгасгаспадарак» для стварэння ўказу аб устойліва неплацежаздольных гаспадарках. На наступныя 8 гадоў больш за 300 стратных калгасаў будуць мець беспрацэнтныя крэдыты, вызваленне ад падаткаў і… нават судоў. Але за чый кошт гэтая дабрачыннасць?

Пад гербам няіснай дзяржавы, але з крэдытамі, на якія працаваць будзе ўся краіна. Праект датацыяў сельскай гаспадарцы віцэ-прэм’ер Міхаіл Русы прэзентаваў Аляксандру Лукашэнку без папярэдняй публікацыі ў медыях і акрэсліў яго як «новы механізм». Што ж новага? Цяпер стратны калгас будзе непадуладны суду і працэдуры банкруцтва, а вызначаць, колькі і каму даць датацыяў, будзе старшыня райвыканкаму.

«Але зноў-такі рашэнне будуць прымаць выключна выканкамы, а таму гэта такая форма партнёрства паміж калгасам і выканкамам для таго, каб выцягваць грошы. А каму даць, каму не даць – яны і так зарабляюць на патоках, а не на выніках», – кажа эканаміст Яраслаў Раманчук.

Вынікі, паводле дакументу, маюць быць праз 8 гадоў. А пакуль другая змена – крэдыторы ды інвестары могуць прэтэндаваць на акцыі калгасу. Інфраструктура ж без суда можа перадавацца ў распараджэнне мясцовых камунальнікаў ці пад крыло дзяржаўнага Агенцтва кіравання актывамі.

«Каму патрэбны стратны калгас? Канечне, нікому. Гэта заўсёды будзе абузай. А механізм будзе такі, што будуць прымушаць і банкаўскую сістэму, і прадпрыемствы, і, магчыма, прыватніка ўдзельнічаць у далейшай сельгасвытворчасці праз арэнду дадзенага прадпрыемства», – каментуе сітуацыю дацэнт эканамічных наук Пётр Мігурскі.

Прадпрыемства, якое цяпер можна перафарматоўваць з унітарнага ў акцыянернае – без суда і працэдуры змены ўласніка. Але самая перадавая прапанова Міхаіла Русага – наступная.

Кіраўнік райвыканкаму для матывацыі старшыні калгасу зможа «падарыць» яму 25 адсоткаў плюс адну акцыю гаспадаркі. Адпаведна, і прыбытак забірае старшыня.

«Пад кіраўніком прадпрыемства – яшчэ 7 галоўных спецыялістаў. Вось уяўляеце, што напрыканцы года кіраўнік гаспадаркі атрымаў на 20 тысяч долараў больш, чым галоўны спецыяліст. Што далей будзе? Усе ведаюць: ціхая кітайская забастоўка», – кажа Пётр Мігурскі.

Працэс аздараўлення толькі сёлета маюць прайсці больш за 300 гаспадарак. Агулам стратнымі лічацца больш за 60 % арганізацыяў аграрнага сектару.

«Сёння гэта недзе 1,5-2 мільярды. Гэта тыя грошы, якія размяркоўваюцца сёння паміж сельскімі прадпрыемствамі і тымі пасярэднікамі, якія стаяць паміж сельгасарганізацыямі і бюджэтам. Вось менавіта яны прыдумалі гэтую схему, і яны будуць наступныя 8 гадоў зарабляць», – кажа Яраслаў Раманчук.

Указ для «аздараўлення» калгасаў мае быць падпісаны кіраўніком краіны цягам лета.

Больш за 20 гадоў рэфармавання, эканамісты кажуць пра 60 мільярдаў датацыяў за гэты перыяд. Але дагэтуль не прыняты Закон аб прыватнай уласнасці на зямлю і як вынік – адсутнасць самых простых рынкавых механізмаў у аграрнай сферы. І як ні называліся за гэты час гаспадаркі, СВК ці акцыянернае таварыства, на выхадзе маем калгас.

Алесь Залеўскі belsat.eu