Чыноўніка вінавацяць у крадзяжы, а ён падае ў суд за паклёп


Наколькі бяспечна ў нашай краіне разгалошваць падрабязнасці жыцця мясцовых чыноўнікаў? Ці могуць былыя супернікі на выбарах спадзявацца на судовую сістэму, калі новаабраны чыноўнік вырашыў закрыць рот былому канкурэнту?

У Менскім раённым судзе можа паўстаць судовы прэцэдэнт. Старшыня Хацежынскага сельсавету супраць экс-кандыдата ў дэпутаты. Чыноўнік за раскрыццё эпізодаў ягонай біяграфіі абвінавачвае грамадскую актывістку ў паклёпе.

Вольга Саўчына, экс-кандыдатка ў мясцовыя саветы і шматдзетная маці, супернічала на апошніх выбарах з дзейным дэпутатам Юрыем Стукавым. Падставай для судовага пазову сталі словы Саўчынай аб тым, што супраць Стукава была распачатая крымінальная справа за крадзеж паліва.

«Мой былы канкурэнт на выбарах Юрый Стукаў, калі быў дэпутатам і кіраўніком, у 2015 годзе здзейсніў крадзЕж 1200 літраў паліва. Апроч таго, Дзяржкантроль у Менскай вобласці склаў пяць адміністрацыйных пратаколаў, каб прыцягнуць яго да адказнасці», – кажа Вольга Саўчына.

Жыхары Хацежына добра ведаюць Вольгу Саўчыну. Яна стварыла кааператыў і шмат дапамагала грамадзянам. Тыя ахвотна падпісваліся за яе вылучэнне.

«Яна і газ і ваду праводзіла на ўчасткі ў кароткі тэрмін. Яна дабілася, каб быў школьны аўтобус вазіць дзяцей у школу. Яна арганізавала ФАП. У нас ёсць дзіця-інвалід, і яна дабілася, што зрабілі пандус, каб палегчыць жыццё ягонай маці. Таму людзі, ведаючы яе добразычлівасць, вельмі ахвотна за яе галасавалі. Таму і ўзнікае пытанне: як можа быць такі каласальны разрыў па выніках галасавання паміж Саўчынай і Стукавым?», – здзіўляецца Вікторыя Макась, сябра ініцыятыўнай групы Вольгі Саўчынай.

Cупрацоўнічаў са следствам, раскаяўся і кампенсаваў нанесеныя страты

Крымінальны кодэкс прадугледжвае вызваленне ад адказнасці чыноўніка, калі той супрацоўнічаў са следствам, раскаяўся і кампенсаваў нанесеныя дзяржаве страты. Так было і ў справе Юрыя Стукава. Сам ён ад каментароў адмовіўся. Забараніў здымаць яго і нават пагражаў журналістам выклікаць міліцыю.

«Проста ён адчувае сваю беспакаранасць. Неаднойчы казалі пра гэта ў Менскім раённым выканкаме, але яго там пакрываюць, і ён гэтым карыстаецца», – лічыць Вольга Саўчына.

Жыхары Хацежына не надта вераць, што старшыня сельсавету Юрый Стукаў будзе развязваць іхныя праблемы. А іх нямала.

«Насельніцтва шмат, паліклінікі няма. Непатрэбны дзённы стацыянар, каб было дзе аналізы здаць. Школы няма, садка. Возяць у горад, у суседнія вёскі, каб недзе дзеці былі. Да таго ж, кепска ходзіць транспарт. Не ва ўсіх ёсць машыны, а бывае, што аўтобуса трэба чакаць паўтары гадзіны», – скардзіцца жыхарка Хацежына Таццяна Фісько.

Напярэдадні судовай цяжбы жыхары навакольных вёсак сабралі подпісы з патрабаваннем высветліць абставіны зруйнавання крыжоў і помнікаў на вясковых могілках.

«Вось які акт вандалізму здзейсніў Юрый Стукаў і дэпутат Хацежынскага сельсавету Красоўская, якая з’яўляецца дырэктарам КУП. Вось можа таму Стукаў не можа спаць, бо ведае, што здзейсніў. Навошта быў гэты акт вандалізму? Напэўна дзеля таго, каб патраціць бюджэтныя грошы і такім чынам навесці парадак. Так сабе ўяўляюць навядзенне парадку дэпутаты мясцовага савету», – кажа Вольга Саўчына.

У судовай заяве Юрый Стукаў указаў, што пасля таго, як пачуў, што Саўчына распавяла пра крымінальную справу, не мог спакойна спаць. На судзе заявіў, што ён не ўчыняў крымінальнага злачынства, бо яго не судзілі. Але ў матэрыялах справы ёсць адпаведная даведка. Суддзя абвясціў перапынак да 7-га траўня.

Любоў Лунёва, «Белсат»