Чыноўнік – жыхарам Асмалоўкі: Прагаласуеце супраць – распусцім сход


Што будзе з намі? Гэтым пытаннем жыхары Менску пераўтварылі прэзентацыю плану забудовы Асмалоўкі ў сапраўдную акцыю пратэсту.

У адказ чыноўнікі прыгразілі

«Хто за тое, каб працягнуць тэму прэзентацыі? Калі вы прагаласуеце супраць, сённяшні сход распускаем», – пужаў Ігар Бузоўскі, кіраўнік адміністрацыі цэнтральнага раёну Менску.

Частка прысутных пагадзілася выслухаць стваральнікаў новага праекту. Жыхарам паказалі дэталёвы план забудовы ад камунальнага прадпрыемства «Менскграду», які, паводле чыноўнікаў, палепшыць сітуацыю з жытлом у Менску.

Што, калі гарадскія ўлады зацвердзяць план «Менскграду»?

Усе старыя двухпавярховікі ў гістарычнай Асмалоўцы будуць знесеныя. На іх месцы зʼявяцца шматкватэрныя дамы, гандлёвыя пляцоўкі і падземныя паркінгі. Не першы год мясцовыя жыхары змагаюцца за тое, каб надаць гэтым абʼектам статус гістарычна-культурніцкай спадчыны і ўратаваць ад разбурэння.

«Гэтая забудова мае гістарычную вартасць. Гэтыя тэрыторыі пачалі забудоўваць паводле адзінага праекту яшчэ напрыканцы XIX стагоддзя. Былі запраектаваныя вуліцы, накірункі вуліц», – даводзіць архітэктар Раман Забела.

Аднак прыняцце пастановы пра змену статусу Асмалоўкі зацягваюць у кабінетах Міністэрства культуры. І хоць канчатковае рашэнне адклалі на неакрэслены час, пра планы яе забудовы гаворыцца ўжо цяпер. Адзін з галоўных аргументаў чыноўнікаў – гэта кепскі тэхнічны стан дамоў.

Жыхары нязгодныя

«Цагліны, з якіх пабудаваныя дамы маюць больш за 100 гадоў. Яны перажылі бамбаванне і захаваліся ў вельмі добрым стане. Я рабіў рамонт і ведаю, у якім яны стане. Яны маюць сляды вайны. Я не разумею, як можна падпісацца пад зносам такога помніку», – абураецца мясцовы жыхар Віталь Радоўскі.

Найбольш непакоіць жыхароў Асмалоўкі тое, што яны могуць страціць уласнае жытло. Гарадскія чыноўнікі кажуць пра знос канкрэтных дамоў, але пра тое, куды будуць перасяляць уласнікаў кватэраў, – ні слова. Грамадскія ж актывісты нагадваюць сумны досвед перасялення ў іншых раёнах сталіцы, да прыкладу, у Фрунзенскім.

«У нас ёсць выпадкі, калі людзям давалі ўзамен арэнднае жытло ці дзяржаўнае, то бок не прыватызаванае. Гэтыя кватэры не адпавядалі ніякім нормам. У іх раней жылі асацыяльныя элементы», – падкрэсліў актывіст Ігар Букаты.

Навучаныя горкімі гісторыямі актывісты раяць жыхарам Асмалоўкі ад пратэстаў перайсці таксама да іншых дзеянняў.

«Я прапаную канструктыўныя дзеянні: збіраем подпісы, рыхтуем прапановы, размаўляем з адміністрацыяй раёну», – даводзіў Дзяніс Кобрусеў з ініцыятывы «Генплан – для менчукоў».

Пад адмысловай петыцыяй супраць зносу ў Асмалоўцы паставілі подпісы больш за 6 000 жыхароў Менску. Канчатковую пастанову ў справе новага праекту мясцовыя ўлады могуць прыняць ужо цягам трох бліжэйшым месяцаў.

Ян Бабіцкі, «Белсат» , фота: Вольга Шукайла / TUT.BY