Чыноўнік-«правая рука» Лукашэнкі аказаўся карупцыянерам і «бандытам»


Працяг карупцыйнай справы на найвышэйшым узроўні. Памочніку Аляксандра Лукашэнкі, інспектару па Гарадзенскай вобласці Сяргею Раўнейку прадставілі абвінавачанне ў атрыманні буйнога хабару. І пазбавілі яго ўсіх пасадаў.

Улады абяцаюць, што будзе працяг і новыя карупцыйныя справы.

Кітайскія вайскоўцы навучаць беларусаў змагацца з карупцыяй – з такімі загалоўкамі медыі падалі сённяшні прэс-рэліз Міністэрства абароны. Ад сёння да пятніцы ў Менску дэлегацыя з Цэнтральнай вайсковай акругі Кітаю будзе абменьвацца з беларускімі калегамі досведам у галіне закону і парадку ва ўзброеных сілах. Праўда, беларусы найперш узгадваюць фота і відэа, як кітайскія вайскоўцы расстрэльваюць асуджаных за карупцыю, часам масава.

У Беларусі свяшчэнную барацьбу з карупцыяй абвесціў 24 гады таму кандыдат у прэзідэнты Аляксандр Лукашэнка. Узначаліў краіну, але не перамог злоўжыванні ўладай.

«Карупцыя стала сістэмнай, шматэпізоднай, групавой. Хутчэй за ўсё, сфармаваліся цэлыя кланы па сістэмах і ўстановах, дзе яны працавалі ці яшчэ працуюць», – мяркуе журналіст «Белгазеты» Віктар Федаровіч.

Самая вядомая справа апошняга часу – затрыманне памочніка Лукашэнкі Сяргея Раўнейкі. Узялі з палічным, нібыта з хабарам у $ 200 тыс. у руках.

Лукашэнка кажа, што падазрэнні ў карупцыйнасці Раўнейкі ў яго былі больш за паўтара года. Нібыта былі і паведамленні ад бізнесменаў.

«У Гарадзенскай вобласці тытунём гандлявалі, кажа: вы мне плаціце за гэта. Паводзіў сябе як злачынца, самы сапраўдны бандыт», – пракаментаваў справу Аляксандр Лукашэнка.

Была і падазроная падатковая дэкларацыя.

Гэта не перашкодзіла Лукашэнку прызначыць высокапастаўленага карупцыянера сваім прадстаўніком.

Тры гады таму дзяржаўнае тэлебачанне называла чыноўніка «правай рукой прэзідэнта ў Гарадзенскай вобласці».

Цяпер «правая рука» Лукашэнкі сядзіць пад арыштам. Сяргею Раўнейку пагражае 15 гадоў турмы.

«Радавацца гэтай справе ні КДБ, ні іншым органам не варта, бо калі карупцыя да такога ўзроўню дайшло, то варта спыніцца і задумацца: што адбываецца? Чаму не спрацоўваюць усе антыкарупцыйныя мерапрыемствы?» – працягвае Віктар Федаровіч.

Пасля затрымання Раўнейкі Лукашэнка абяцае новыя гучныя справы супраць карупцыянераў на падставе іх падатковых дэкларацыяў. Яны нібыта ўжо сядзяць у следчым ізалятары. Сёння ж гэта паабяцаў і генпракурор Аляксандр Канюк. На сёння вядома пра аднаўленне крымінальнай справы супраць былога дырэктара Івацэвіцкай калоніі №5 – хабар у 207 тыс. еўраў за пастаўкі мэблі. А таксама пра абвінавачанне супраць гендырэктара ААТ «Магілёўдрэў». Там маштаб меншы, хабары дырэктар нібыта атрымліваў грашыма і аплатай застолляў.

Яраслаў Сцешык, belsat.eu

Фотаздымак на застаўцы да відэа БелТА