Чым збіраюцца займацца праўладныя кандыдаты на дэпутацтва? Адказваюць менчукі


Да асноўнага дня галасавання на мясцовых «выбарах» засталося літаральна два тыдні. Кандыдаты на дэпутацтва праводзяць актыўную агітацыйную кампанію: ладзяць пікеты ды сустракаюцца з патэнцыйнымі выбарнікамі. На што спадзяюцца простыя беларусы, а што – прапаноўваюць кандыдаты?

Гэтая выбарчая кампанія нічым не адрозніваецца ад папярэдніх, мяркуе аналітык даследчага цэнтру «East» Андрэй Елісееў: ізноў нядопуск у дэпутаты апазіцыянераў ды адсутнасць інтарэсу грамадзянаў да выбараў.

«Гэтая кампанія зусім не патрэбная беларускім уладам, гэта проста нейкі чарговы этап, нейкая данасць, якую трэба прайсці. Таму і людзі ўжо зразумелі, што выбары ў мясцовыя Саветы сапраўды нічога не вырашаюць, бо ўласна і самыя дэпутаты фактычна не маюць паўнамоцтваў», – кажа Елісееў.

І гэта несправядліва, мяркуе кандыдат на дэпутацтва па Кальварыйскай акрузе сталіцы № 38 Сяргей Вазняк.

«З несправядлівасцю сутыкаюцца на кожным кроку – пачынаючы з таго, што чалавек, выходзячы з дому, не бачыць нармальнага тратуары, дзіцячай пляцоўкі, прыступкаў, каб дайсці да крамы ці паліклінікі; сканчаючы глабальнымі пытаннямі несправядлівасці – як, напрыклад, нізкія зарплаты», – адзначае кандыдат на дэпутацтва Сяргей Вазняк.

Вось толькі ці можа дэпутат паўплываць на гэтыя праблемы? Некаторыя мяркуюць, што так.

«Я не буду галасаваць за прадстаўнікоў улады, буду галасаваць за Сяргея Вазняка», – кажа жыхар сталіцы.

Але важна ня як галасуюць, а як лічаць – перакананы Сяргей Калякін. Паплечнік і давераная асоба Сяргея Вазняка на выбарах звяртае ўвагу на адсутнасць станоўчых зменаў у заканадаўстве – маўляў, усё застаецца непразрыстым, несправядлівым і незразумелым.

«Калі падлік галасоў будзе арганізаваны такім чынам, што ўсе ўдзельнікі працэсу, у тым ліку чальцы камісіяў, назіральнікі, будуць бачыць, як лічацца галасы, мы будзем лічыць гэта вялікім прагрэсам», – старшыня партыі «Справядлівы свет» Сяргей Калякін.

Галоўная ж задача ўладаў – не пераймацца падлікам галасоў ці зменамі ў выбарчым заканадаўстве, а стварыць прынамсі штучную цікавасць да выбараў, кажа Андрэй Елісееў:

«Нічога новага тут беларускія ўлады не прыдумаюць. Той самы адміністрацыйны рэсурс – гэта ўніверсітэты будуць ціснуць на студэнтаў, а дзяржаўныя прадпрыемствы – на супрацоўнікаў, каб прыйшлі паўдзельнічаць у выбарах».

А вось кандыдат па Кунцаўшчынскай выбарчай акрузе № 34 Менску Мікіта Семяненка пастанавіў, што калі выбарнікі не ідуць да яго, то ён сам прыйдзе да выбарнікаў – і даведаецца, якія ёсць праблемы.

«Прыцягнуць да праблемы ўвагу і дапамагчы вырашыць. Таксама мясцовы дэпутат можа ў судах абараняць правы сваіх жыхароў, можа адстойваць інтарэсы ў адміністрацыях, у выканкамах. Гэтым я і збіраюся займацца», – абяцае кандыдат на дэпутацтва Мікіта Семяненка.

А вось чым збіраюцца займацца праўладныя кандыдаты на дэпутацтва, людзей асабліва не цікавіць.

Больш у відэа!

Сцяпан Святлоў, «Белсат»