Чым запомніцца «Славянскі базар»?


Амаль дзве сотні музычных ды мастацкіх фестывальных падзеяў – у Віцебску завяршыўся 28-мы «Славянскі базар».

Задумваўся як фестываль краінаў, дзе пануе славянская культура, але гучыць на ім пераважна расейская мова. «Славянскі базар» завяршыўся. Чым запомнілася сёлетняя імпрэза гасцям?

«Вельмі прыгожы горад, добразычлівы, мы прыехалі з Масквы, нам тут вельмі спадабалася, мы з задавальненнем прыязджаем кожны год».

«Настальгія па тым, як гэта пачыналася 28 гадоў таму».

«Джазавым канцэртам, атрымалі вялікае задавальненне».

«Запомніцца яркімі таварамі, кірмаш нам запомніўся».

«Вельмі шмат творчых людзей прыязджае – мастакі, музыкі, атмасфера вельмі творчая», – дзеляцца ўражаннямі госці фестывалю.

Пачаўшыся як музычны фестываль, «Славянскі базар» з цягам часу дапоўніўся рознымі творчымі імпрэзамі, такімі, як фэст «На сямі вятрах», што ўжо пяты раз сабраў удзельнікаў, сёлета гэта 131 калектыў і больш за 600 чалавек.

«Натуральна, фаерспектаклі, фаервыступы, больш за 40 рок-кавэр-бэндаў, цудоўна спрацавалі лялечнікі – дзеці прыходзілі на спектаклі, і гэта было здорава», – пералічвае куратарка фэсту «На сямі вятрах» Уладзіслава Цвікі.

Па ўсім горадзе дзеялі дзясяткі пляцовак, дзе выступалі тэатры, танцоры, выстаўляліся мастакі ды рамеснікі. Гандляры заставаліся на віцебскіх вуліцах і пасля афіцыйнага закрыцця «Славянскага базару».

«Вельмі задаволеная нават зносінамі з людзьмі».

«Мы прыехалі са Слоніма Гарадзенскай вобласці, мы тут крыху прадалі, сувеніры ў нас набывалі».

«З Украіны, горад Івана-Франкоўск, так, набываюць вышыванкі, цяпер модна падтрымліваць тое што пачыналі дзяды-прадзяды».

«Па-першае, шмат хто адказваў нам па-беларуску. Гэта вельмі прыемна, і сімволіка, арнаменты, кветкі, валошкі вельмі папулярныя ў гэты час», – адзначаюць гандляры.

Ці ўдалося зарабіць на фэсце арганізатарам – невядома, бо ўжо некалькі гадоў кошту фестывалю не публікуюць. На сайце ж Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі агучваюцца выдаткі – каля 400 тысяч долараў толькі з агульнага бюджэту.

Ірына Дарафейчук, belsat.eu