Чым запомніцца Дзень Перамогі 2017?

Краіны былога Савецкага саюзу адзначылі 72-ую гадавіну Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Не абышлося без рэкордаў. У Маскве Дзень перамогі стаўся самым халодным з 1945 года. Што аднак не ахалодзіла пылу ўдзельнікаў святочных імпрэзаў.

Рэкордная лічба ўдзельнікаў сабрала акцыя «Бяссмертны полк»

Больш за 8 мільёнаў асобаў па ўсёй Расеі выйшлі на вуліцы з фотаздымкамі сваіх родных – удзельнікаў вайны. Акцыя прайшла таксама ў дзясятках замежных гарадоў. «Бяссмертны полк» у сталіцы Казахстану сабрала 20 тысячаў удзельнікаў.

Не абышлося без затрыманняў і кур’ёзаў

У Татарстане паліцыя затрымала ўдзельніц акцыі за плакат «Мой дзед ваяваў за СССР» і адсутнасць фотаздымка продка. Жыхар Масквы, які раздаваў на акцыі ўлёткі з крытыкаю ўладаў, – атрымаў сем содняў арышту. Ва Украіне падчас акцыі да Дня перамогі затрымалі больш за 50 асобаў.

Дзень перамогі ў анексаваным Расеяй Крыме

На паўвыспе свята адзначылі на фоне конкурсу «Еўрабачанне», які распачаўся ў Кіеве. Расейскую спявачку Юлію Самойлаву не дапусцілі да ўдзелу ў конкурсе з прычыны ейных гастроляў на акупаванай паўвыспе.

Песню, напісаную для «Еўрабачання», Самойлава 9-га траўня выканала на канцэрце ў Севастопалі. На злосць кіеўскім арганізатарам.

«Начныя ваўкі ў Берліне»

Байкеры ўсё ж такі здолелі даехаць на Дзень перамогі да Берліну, дзе іх сустрэлі чырвонымі сцягамі ды песнямі.

А лідар «ваўкоў» Аляксандр Залдастанаў накіраваўся на Парад перамогі ў самаабвешчаную ДНР разам з пісьменнікам Захарам Прылепіным. У першым шэрагу тамтэйшага «Бяссмертнага палка» лідар ДНР Аляксандр Захарчанка нёс партрэт забітага палявога камандзіра Матаролы.

«Як і 72 гады таму, гэтак і сёння – мы пераможам! Нашая справа правая, вораг будзе разбіты. Перамога будзе за намі. Ура, таварышы!», – дэклараваў прамову Сталіна лідар ДНР Аляксандр Захарчанка.

Упершыню акцыя «Бессмяротны полк» прайшла таксама ў Конга

Там яе зарганізавалі расейскія дыпламаты. А вось у Маскву з замежных гасцей на 72-ую гадавіну Перамогі, самую дарагую за апошні час, прыехаў толькі прэзідэнт Малдовы Ігар Дадон. Іншыя вырашылі застацца ўдома.

Юры Салодкі, Маша Макарава, «Белсат», фота: Alexander Ryumin / TASS / Forum

Глядзі таксама