Чым запомніцца беларусам 2020 год?


2020 год быў складаны і насычаны для ўсіх жыхароў планеты. Для беларусаў – перадусім. Апроч каронавіруса, сёлета перад намі паўсталі таксама іншыя выклікі – няпростая выбарчая кампанія, пасля якой – супраціў гвалту і барацьба за свабодную краіну. Гэты год падштурхнуў нас вызначыцца, хто мы і чаго хочам. Чым ён запомніўся яшчэ? Прыгадае Анастасія Русецкая.

Да Новага года засталося ўсяго некалькі гадзінаў. Самы час узгадаць, якімі падзеямі запомніўся беларусам 2020-ы.

Жыхары і госці Менску кажуць:

«Гэты год спадзяюся, што быў пераломны, а далей будзе толькі лепш».

«Можна сказаць, што гэты год быў відавочнага фармавання беларускай нацыі. Можна меркаваць, што гэта было некалі ў 18-м, можа быць на пачатку 90-х, але, па-мойму, беларускі народ як нацыя, як адзінае нешта цэльнае сфармаваўся менавіта ў апошняй дэкадзе, апошнія месяцы гэтага года».

«Такога цяжкага года ў мяне яшчэ не было, спадзяванні толькі на будучыню, на лепшае, бо больш так немагчыма».

2020 год, на які былі прызначаныя шостыя прэзідэнцкія выбары, чакаўся спакойным і шараговым. Аднак электаральная кампанія стала выклікам для Аляксандра Лукашэнкі.

Грамадскі гнеў пачаў расці яшчэ ўвесну, калі нашую краіну ахапіла эпідэмія каронавіруснай інфекцыі. Нязменны кіраўнік Беларусі назваў COVID-19 «псіхозам» і адмовіўся ад увядзення якіх-кольвек абмежавальных захадаў.

«Тут няма вірусаў ніякіх. Ты ж не заўважыла, што яны лётаюць? І я таксама не бачу», – казаў Аляксандр Лукашэнка.

Да самых выбараў не дапусцілі галоўных альтэрнатыўных прэтэндэнтаў на пост прэзідэнта – Віктара Бабарыку і Валерыя Цапкалу. Вынікам сталі акцыі пратэсту.

Але задума ўладаў не ўдалася. Святлана Ціханоўская – жонка зняволенага незадоўга да выбараў блогера – стала адзінай кандыдаткай ад апазіцыі.

9 жніўня, пасля абвяшчэння папярэдніх вынікаў ад Цэнтрвыбаркаму, згодна з якімі перамог Лукашэнка, дзясяткі тысяч незадаволеных беларусаў выйшлі на вуліцы ў розных гарадах. Разганялі пратэстоўцаў жорстка – з ужываннем святлошумавых гранатаў і гумовых куляў. Сапраўднае аблічча ўлады сталася яўным не толькі для гэтак званай старой класічнай апазіцыі.

«Для кожнага, хто памятае выбары 94-га, рэферэндум 96-га і далей па спісе, тое, што ёсць гвалт, не стала адкрыццём. Адкрыццём гэта стала менавіта для гэтай групы, для сярэдняга класу, для сярэдне-гарадскога класу», – гаворыць палітолаг Вольга Харламава.

Гэтае адкрыццё падштурхнула да жадання знайсці ўласнае месца ў дзяржаве. Пачаўся працэс нараджэння грамадзянскай супольнасці ды нацыі. Над шматтысячнымі маршамі залуналі бел-чырвона-белыя сцягі.

Акцыі пратэсту працягваюцца 145-ы дзень запар. Краінай па-ранейшаму кіруе Лукашэнка, а ягоныя апаненты ў турме або за мяжой. У краіне палітычны крызіс.

«Аб’яднаная Еўропа, умоўная Еўропа не прызнае вынікі выбараў. Выбары не адбыліся – адпаведна ні адзін з бакоў не ёсць легальным, і як наступства, не ёсць легітымным, бо ні адзін з бакоў не падтрымліваецца тымі, каго афіцыйна можна назваць большасцю», – кажа Вольга Харламава.

Налета Вольга Харламава прагназуе абвастрэнне палітычнага і эканамічнага крызісу. Экспертку непакоіць жаданне ўладаў захаваць сітуацыю пад кантролем і правесці канстытуцыйныя змены.А чаго чакаюць ад наступнага году простыя беларусы?

Жыхары і госці Менску гавораць:

«Мы вельмі чакаем пераменаў. Мы загадалі жаданне – напэўна, адно на ўсіх. Мы верым, што яно споўніцца».

«Усім нашым людзям, усім беларусам я жадаю толькі набыткаў, ні ў якім разе не стратаў, не слёз, не расчаравання, а толькі спаўнення спадзяванняў і самых запаветных жаданняў. Я думаю, што ўсё ў нас будзе добра».

Рэцэпт пераадолення існага крызісу, на думку адмыслоўцаў, хаваецца ў разуменні грамадства – чаго мы хочам ад сябе, дзяржавы і ад нашых суграмадзянаў.

Анастасія Русецкая Белсат