Чым пагражае Беларусі ўніфікацыя манетарнай палітыкі з Расеяй?


Падставаў казаць пра адзіную валюту Расеі і Беларусі пакуль няма. Гэткую заяву сёння зрабіў кіраўнік Нацыянальнага банку. Разам з тым, паводле Паўла Калаура, наш Нацбанк дамовіўся з расейскім Цэнтрабанкам аб уніфікацыі манетарнай палітыкі. Што стаіць за гэтым тэрмінам?

Пакуль прэм’ер-міністры Румас і Мядзведзеў усталёўваюць межы паглыбленай інтэграцыі Беларусі і Расеі, Лукашэнка і Пуцін рыхтуюцца да снежаньскага падпісання пакету эканамічных дакументаў, грамадзяне не ведаюць практычна нічога пра гэтую самую паглыбленую еўразійскую інтэграцыю. Настолькі, што нават у Нацбанку заўважылі ўплыў чутак пра адзіны рубель на фінансавую сістэму.

«Розныя размовы, ні на чым не заснаваныя, бударажаць грамадскасць, фармуюць падвышаныя інфляцыйныя і дэвальвацыйныя чаканні. Учора разглядалі пытанне ў межах рэалізацыі ўжо прынятай прэзідэнтамі ЕАЭС канцэпцыі агульнага фінансавага рынку. Хачу падкрэсліць, размова не ідзе пра нейкія наднацыянальныя валюты», – заявіў Павел Калаур на адмысловай прэс-канферэнцыі.

Адзіную валюту як умову нізкіх коштаў на газ і нафту расейскі прэмʼер патрабаваў яшчэ ў снежні ў Берасці падчас паседжання Савету міністраў так званай Саюзнай дзяржавы.

«Расея гатовая і далей прасоўвацца па шляху будавання Саюзнай дзяржавы, уключаючы стварэнне адзінага эмісійнага цэнтру, адзінай мытнай службы, суда і падліковай палаты», – заявіў Дзмітрый Мядзведзеў 13 снежня ў Берасці.

Адзіная валюта з Расеяй, тым больш з друкавальным станком у Маскве – гэта пытанне не толькі незалежнасці Беларусі. Як адзначае аналітык «Альпары» Вадзім Іосуб, ёсць рызыкі для гаспадаркі:

«Вельмі розныя эканомікі, напрыклад, залежнасць ад сыравіны у нас і здабыча сыравіны ў Расеі, розныя падатковыя сістэмы, розная макраэканоміка: і розная інфляцыя, беспрацоўе, эканамічныя цыклы».

Да таго ж пасля анексіі Крыму Расея атрымала істотны ўдар ад міжнародных санкцыяў. Будуць новыя ваенныя авантуры або абвастрэнне дзейных канфліктаў – будуць і новыя санкцыі.

Аднак Беларусь у межах гэтай самай паглыбленай інтэграцыі будзе ўніфікаваць манетарную палітыку з Расеяй. Як патлумачыў Павел Калаур, ад пачатку 2021 года будзе дзейнічаць рэжым інфляцыйнага таргетавання. Прасцей кажучы, курс рубля будзе плаваць свабодна, але Нацбанк будзе кантраляваць інфляцыю з дапамогай працэнтавых ставак.

«У нас мусяць аказацца не толькі аднолькавыя рэжымы інфляцыйнага таргетавання, але і мэтавыя ўзроўні інфляцыі мусяць зблізіцца. Цяпер яны ў Расеі трошкі ніжэйшыя, чым у нас», – пракаментаваў «Белсату» старшыня праўлення Банку развіцця Беларусі Андрэй Жышкевіч.

Вадзім Іосуб не бачыць непасрэднай сувязі між збліжэннем фінансавага заканадаўства і фінансавай самастойнасцю Беларусі:

«Увесь свет збліжае падыходы да рэгулявання банкаў, фінансавых рынкаў, пры гэтым аўтаматычна гэта не азначае пераход на адзіную валюту».

Але частка беларускага грамадства бачыць пагрозу незалежнасці ў паглыбленай інтэграцыі агулам. Сёння пад амбасадай Расеі ў Менску прайшлі пікеты кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў пад лозунгам «За вашу і нашу свабоду».

«Саюз у тым засакрэчаным выглядзе, у той частцы, якую хаваюць ад беларускага народу, гэта не саюз роўных, гэта калонія з усімі наступствамі», – кажа ўдзельнік пікету Пётр Папраўка, які балатуецца ў Палату прадстаўнікоў.

Галоўныя лозунгі пікетаў – Беларусь і Расея мусяць быць свабоднымі, дэмакратычнымі і незалежнымі краінамі. А дамова аб стварэнні так званай Саюзнай дзяржавы супярэчыць інтарэсам Беларусі і беларусаў.

Яраслаў Сцешык belsat.eu