«Чым больш крычаць, што Захад хоча разваліць Расею – тым болей крадуць». У Расеі – масавыя адстаўкі губернатараў


Крэмль мяняе кіраўнікоў расейскіх рэгіёнаў.

Яшчэ ўзімку крамлёўскія палітолагі распрацавалі профіль «ідэальнага губернатара», потым пачаліся першыя адстаўкі. Сёння аб сыходзе з пасадаў заявілі адразу два расейскія губернатары. Замест іх будуць кіраўнікі вельмі падобныя і ў профіль, і анфас.

У сераду пра адстаўку заявілі губернатар Краснаярскага краю Віктар Талаконскі і кіраўнік Дагестану Рамазан Абдулапітаў. За дзень да гэтага сваю пасаду пакінуў кіраўнік Ніжагародскай вобласці Валерый Шанцаў, а перад ім губернатар Самарскай вобласці Мікалай Мяркушкін.

З фіна-вугорскімі народамі Мяркушкіна звязваюць даўнія дачыненні. Да кіравання Cамарскаю вобласцю ён займаў пасаду кіраўніка Мардовіі. Паводле звестак фонду Барацьбы з карупцыяй Аляксея Навальнага, клан Мікалая Мяркушкіна здолеў узбагаціцца за кошт вывядзення фінансавых сродкаў з падкантрольных рэгіёнаў.

Згодна са звесткамі фонду Барацьбы з карупцыяй клан Мяркушкіных пабудаваў цэлы пасёлак, дзе абаснаваліся сын былога губернатара, ягоныя бізнес-партнёры і міністр будаўніцтва вобласці. Надзел сына былога губернатара Аляксей Навальны ацаніў на 264 мільёны расейскіх рублёў.

Пра тое, што Захад хоча разваліць Расею, заявіла на першым пленарным паседжанні восеньскай сесіі верхняй палаты парламенту спікер Савету Федэрацыі Валянціна Матвіенка. І менавіта ў гэты час важна, каб расейскімі рэгіёнамі кіравалі людзі энергічныя і нестандартныя, адзначыла яна ў сваім выступе, дзе закранула выбары і адстаўкі губернатараў.

Пра тое, што новыя губернатары выглядаюць як пад капірку, адзначылі ў інтэрнэце і жартам выказалі здагадку, што Крэмль асвоіў тэхналогію кланавання чыноўнікаў.

Кіраўнік Дагестану Рамазан Абдулапітаў, для якога адстаўка была поўнаю нечаканасцю, прызнаўся, што спадзяваўся на тое, што яму дадуць час хоць бы на медыйнае тлумачэнне сыходу з пасады. Не далі. Дарэчы, Абулатыпаву споўніўся 71 год, а сярэдні ўзрост новых губернатараў – 45 гадоў. Уладзімір Пуцін мяняе старых коней. На пераправе.

Ігар Віняўскі, Вольга Жарнасек