Новы ўказ кіраўніка краіны «Аб фінансавым аздараўленні сельскагаспадарчых арганізацыяў». Што гэта за дакумент, і ці выратуе новае заканадаўства айчынныя калгасы?
Указ утрымлівае шэраг пунктаў, якія мусяць паспрыяць развіццю аграрна-прамысловага комплексу. Напрыклад, забараняецца банкрутаваць стратныя прадпрыемствы, а ўжо распачатыя працэдуры неабходна спыніць. Таксама не дазваляецца звальняць калгаснікаў, апроч кіраўніцтва. Да таго ж маёмасць неплатаздольных прадпрыемстваў можна здаваць у арэнду без дзяржаўнай рэгістрацыі і без дакументаў аб правах на нерухомасць, аддаваць зямлю пад пабудовамі ў карыстанне без правядзення аўкцыёнаў.
Іна Гармель, шэф-рэдактарка AGROLIVE.BY:
«Пацыент амаль не дыхае, але ёсць спробы зрабіць яму нейкія рэанімацыйныя захады. Прытым яны робяцца на публіку… Гэта юрыдычнае і дакументальнае афармленне таго велізарнага ўплыву, які маюць чыноўнікі, дзяржава, на стан справаў і кіраўніцтва галіной».
Дзяржава працягвае прытрымлівацца курсу на цалкам ручное кіраванне галіной сельскай гаспадаркі. Тое яскрава відаць і ў новым указе. Паводле яго, Лукашэнка можа пераводзіць запазычанасць з аграрнага прадпрыемства на мясцовыя ўлады або адмысловае «Агенцтва кіравання актывамі» праз выданне выканкамамі каштоўных папераў.
Аляксандр Лукашэнка, кіраўнік Беларусі:
«Сельскагаспадарчая вытворчасць – гэта вытворчасць, бізнес, а не сацыяльны праект. Крыніцы росту ў аграрнай сферы мусяць быць выключна ў павышэнні эфектыўнасці выкарыстання прыродных, матэрыяльных, фінансавых і працоўных рэсурсаў. Гэта азбука для кіраўніка. Попыт будзе ў першую чаргу за вынік».
А што наконт эфектыўнасці дзяржаўнага кіравання ў сельскай гаспадарцы думаюць беларусы?
«Калі гаспадаркі з такой формай уласнасці стратныя, то гэта кажа аб тым, што дадзеная практыка не апраўдалася».
«На зямлі мусіць быць гаспадар, тады будзе вынік».
«У гэтым сегменце мае быць і дзяржаўная доля».
«Фермер на сябе будзе працаваць, будзе перажываць за гэтую прадукцыю. А гэтыя…»
Чарговая цікавая захада з указу: да чвэрці акцыяў неплатаздольных прадпрыемстваў можна будзе дарыць іх кіраўнікам. Магчыма, такім чынам спадзяюцца стымуляваць гаспадарскія пачуцці ў «чырвоных кіраўнікоў»?
Іна Гармель, шэф-рэдактарка AGROLIVE.BY:
«Замоўчваецца і адсоўваецца ўбок галоўная праблема – праблема прыватнай уласнасці на зямлю і сродкі вытворчасці. І звязаная з ёй праблема вольнага земляробства, жывёлагадоўлі, фермерства, якое б магло разгарнуцца на ўсю моц на тэрыторыі Беларусі. Аднак дзяржава дае ў чарговы раз сігнал: не, хлопчыкі і дзяўчаткі».
На сёння каля 10 адсоткаў дзяржаўнага бюджэту выдаткоўваецца на падтрыманне сельскагаспадарчай вытворчасці. І змены гэтае тэндэнцыі не відаць.
Магчыма, з гораду і не вельмі добра бачныя праблемы вёскі ды сельскай гаспадаркі, бо назіраем мы звычайна толькі непасрэдны вынік – прадукт. Аднак з-за гучных афіцыйных прамоваў і патрабавання выніку па-здрадніцку выглядаюць велізарныя лічбы аб стратах айчыннага аграпрамысловага комплексу.
Зміцер Міцкевіч, belsat.eu