«Чупакабра – гэта трызненне!» Адкуль узялася страшылка пра лясную пачвару?


На прыватныя падворкі Берасцейшчыны прыйшла бяда: невядомая істота знішчыла сотні кураў. На падзею адрэагавала дзяржаўная тэлевізія, узгадаўшы міфічную чупакабру. Адкуль узялася гэтая страшылка на нашых землях, і ці трэба асцерагацца нязнаных пачвараў?

Вёска Вялікія Матыкалы недалёка ад Берасця. Менавіта тут днямі невядомы звер задушыў некалькі соцень курэй. Вяскоўцы сведчаць:

«Чалавек трымае, а канчаткова што атрымоўваецца? Прыходзіць у хлеў – нічога няма!»

«Напэўна, гэта нейкі звер з лесу. Але гэта не валацужныя сабакі: сабака так не можа».

У здагадках, што за драпежнік паквапіўся на гаспадарскіх птушак, мясцовыя жыхары пераказваюць знаёмыя ўсім чуткі. Нехта не дае веры:

«Нейкая там чупакабра, або нешта такое завялося. Не веру, гэта трызненне!»

А хтосьці менш упэўнены: «Куніца, тхор, сумесь, можа быць такое. Яны больш жорсткія, больш зверскія такія, яны не ядуць, не п’юць, а толькі душаць».

Ветэрынар Арцём Кірашоў адразу супакойвае: ніякіх гібрыдаў ці мутантаў у Беларусі навукоўцы не фіксуюць:

«Проста задушыць і не з’есці можа любая жывёліна, бо часам бываюць такія выпадкі, што яны забіваюць праз спартовы інтарэс. Альбо часам нельга выключаць такога варыянту, што жывёліна, якая лезе ў падворак, можа быць шалёная».

Тым не менш за апошнія гадоў дзесяць з’яўленне чупакабры падазравалі ў цэлым шэрагу беларускіх вёсак. Легенда пра гэтую істоту мае лацінаамерыканскае паходжанне. Па-іспанску «chupar» перакладаецца як «смактаць», а «cabra» – гэта «каза». У Беларусі ж большасць гэтак званых чупакабраў была або здзічэлымі сабакамі, або хворымі лісамі, тхарамі ці куніцамі, кажа даследнік анамальных з’яваў Віктар Гайдучык:

«Не было ніводнага выпадку, дзе з навуковага пункту гледжання лабараторнымі аналізамі знайшлі штосьці незвычайнае, таму мы апошнім часам перасталі цікавіцца гэтымі выпадкамі».

Даследнікі анамаліяў не цікавяцца, але цікавяцца медыі. На пачатку мінулага дзесяцігоддзя так і жартавалі: з’явілася чупакабра – чакай дэвальвацыі.

«З абменнікаў знікла валюта. У Нацбанку заўважана чупакабры галава, ён з’еў долары без асаблівых пакутаў», – спявалася ў сатырычнай перадачы «Цырк за дротам» на радыё «Свабода» ў 2012 годзе.

Але не варта бачыць у чутках пра чупакабру хітрага плану адцягнуць увагу грамадства ад актуальных праблемаў, мяркуе медыйны эксперт Паўлюк Быкоўскі:

«Калі казаць пра канкрэтныя факты, якія мы можам памацаць, то ў галоўных каналах камунікацыі гэта ўсё ж такі дзяржаўнае тэлебачанне, папулярныя інтэрнэт-каналы: такая тэма не выходзіць на першыя пазіцыі».

Што датычыць вёскі Вялікія Матыкалы, то мясцовыя ўлады ўжо забілі шасцёх сабакаў і двух шчанюкоў. Кажуць, пасля гэтага куры знікаць перасталі.

Вітаўт Сіўчык Belsat.eu