ЧС па хакеі ў Беларусі не будзе


У цяперашніх умовах Беларусь не можа забяспечыць камандам і гледачам бяспечных умоваў. З такой фармулёўкай Міжнародная федэрацыя хакею пазбавіла Менск права на правядзенне матчаў у межах Чэмпіянату свету па хакеі-2021.

Не дапамаглі ні абдымкі з кіраўніком міжнароднай федэрацыі хакея Рэнэ Фазэлям. Ні абяцанні татальнай бяспекі, ні прапанова паказаць хакейным чыноўнікам матэрыялы расследавання забойства Рамана Бандарэнкі, якія тым часам, застаюцца схаванымі нават ад блізкіх Рамана.

«Шэсцьдзесят чатыры дні адмоваў ва ўзбуджэнні крымінальнай справы, правядзенні экспертызаў, вывучэнні матэрыялаў праверкі», – кажа Алена Бандарэнка ў відэазвароце да Міжнароднай федэрацыі хакею.

Пасля сустрэчы з Лукашэнкам Рэнэ Фазэль быў вымушаны апраўдвацца і паабяцаў цягам года сысці са сваёй пасады. Пагроза байкоту з боку шэрагу камандаў, а таксама адмова галоўных спонсараў турніру – кампаніяў «Škoda», «Nivea Men» і «Liqui Moly» – фінансаваць чэмпіянат, калі той адбудзецца ў Менску, не пакінулі даўняму сябру Лукашэнкі ніякіх шансаў. Рада Міжнароднай федэрацыі хакею прыняла рашэнне аб пераносе беларускай часткі чэмпіянату свету. Сярод магчымых варыянтаў: правядзенне ўсяго турніру ў Латвіі, якая разам з Беларуссю мелася стаць гаспадыняй сёлетняга першынства, а таксама правядзенне матчаў у Славаччыне ці Даніі.

Алесь Баразенка, «Белсат»