Чорныя ночы Магілёва і Берасця. Чаму ў абласных цэнтрах выключаюць ліхтары?


Дайсці да дому – той яшчэ квэст. З праблемай асвятлення вуліц і двароў штодня сутыкаюцца жыхары многіх беларускіх гарадоў і мястэчак. Гэтак і берасцейцы з магілёўцамі скардзяцца ў розныя дзяржаўныя інстанцыі, але атрымліваюць стандартны адказ: у хуткім часе ўсё будзе зменена. Калі праблема з асвятленнем будзе развязаная?

Глядзіце сюжэт у выданні «Аб’ектыву»:

Кепскае асвятленне двароў у цёмны час – вялікая праблема для жыхароў Берасця. Дзеля эканоміі мясцовыя ўлады пяты год часткова адключаюць ліхтары на вуліцах. У дварах увечары святла ўвогуле няма, наракаюць мясцовыя жыхары:

«Ідзеш і немагчыма. Ідзеш і баішся ступіць».

«Цэнтральныя вуліцы асветленыя. А дзесьці ў дварах – так, уначы ўжо бывае страшнавата ісці, калі цёмна».

«Тратуар ёсць, і ліхтары ёсць, але яны не свецяць».

Мясцовыя жыхары з дапамогаю грамадскіх арганізацыяў пісалі звароты чыноўнікам. Прынамсі, цяпер святло на некаторы час з’яўляецца. Ігар Маслоўскі з арганізацыі «За свой горад» распавядае:

«Чым больш цёмна на дваравых тэрыторыях, тым больш крымінагенная сітуацыя ў тым ці іншым горадзе ці на той ці іншай вуліцы альбо ў двары. Гэта сусветная практыка, якая даказаная. Таму я б раіў органам улады не эканоміць на асвятленні».

Мы звярнуліся па каментар да Рыгора Табунова, які адказвае за вонкавае асвятленне Берасця. Але ад каментароў спадар Рыгор адмовіўся:

«Гэта не да мяне пытанні. Гэта пытанні, скажам так, у найлепшым выпадку да ЖКГ, генеральнага дырэктара. Да майго кіраўніцтва. Калі мне будзе дадзенае распараджэнне, я дам вам каментар аб дадзеным пытанні».

З адсутнасцю асвятлення сутыкнуліся і ў Магілёве. Гэтак, для жыхароў дамоў 95 і 97 па вуліцы Крупскай цемра ў дварах – праблема, актуальная не першы год.

«Тут абсалютная цемра і абсалютная вада. Лужыны стаяць агромністыя. Ідзеш па калена ў вадзе. І нікога гэта не турбуе», – сцвярджае мясцовая жыхарка Эльвіра Строява.

Улады на скаргі ды звароты магілёўцаў адказваюць: ваш двор стаіць у плане рамонту на наступны год. Такая ж сітуацыя была і летась, і пазалетась.

«Праблема з асвятленнем характэрная для Магілёва. Я бачыў, што ў многіх дварах адсутнічае асвятленне, праводка вісіць дзе папала. Гэта трэба паставіць на кантроль, каб горад быў бяспечным для праходу нашых грамадзянаў», – кажа Аляксей Паўлоўскі, грамадскі актывіст.

Мы не здолелі атрымаць аператыўны каментар у прадстаўнікоў Магілёўскага аблвыканкаму, у мясцовым «Гарсвятле» на тэлефанаванні журналістаў «Белсату» таксама не адказалі.

Ксенія Тарасевіч belsat.eu