Чорны горад. Магілёўцы змагаюцца, каб цемра скончылася


Прадстаўнікі «Цэнтру гарадскіх ініцыятываў» распачалі праект пад назваю «Светлы горад». Ён прадугледжвае стварэнне гэтак званай мапы цёмных двароў, на яе кожны ахвочы можа нанесці свой двор, які не асвятляецца ўвечары і ўначы. Мапу можна паглядзець на інтэрнэт-старонцы арганізацыі, пазней звесткі з яе выкарыстаюць у адмысловым звароце да гарадскіх уладаў.

Можна далучыцца падпісаўшы электронную петыцыю

«Петыцыя гэта пілотны праект, мы адправім петыцыю ў гарвыканкам і будзем чакаць якая будзе рэакцыя, калі рэакцыя будзе пазітыўная, то гэты вопыт можна трансляваць на іншыя двары, па сутнасці ёсць тэкст звароту, пад якім грамадзяне могуць сабраць трыццаць ці болей подпісаў і дакладна так жа адправіць іх гарвыканкаму і намагчыся выніку – намагчыся таго, каб у іх у двары было асвятленне ў цёмную частку содняў», – распавядае грамадскі актывіст Мікіта Раманоўскі.

Сваймі дзеяннямі актывісты хочуць дамагчыся, каб у Магілёве з’явіліся ліхтары там, дзе іх цяпер няма, або каб гарадскія службы проста замянілі сапсаваныя лямпачкі.

Няхай будзе святло, тым больш і грошы маем!

Актывісты «Цэнтру гарадскіх ініцыятываў» зазначаюць, што на цэнтральных вуліцах гораду 80 % лямпачак былі замененыя на больш ашчадныя святлодыёдныя. А гэта значыць, што на захаваныя грошы можна было б асвятліць прынамсі частку цёмных двароў.

Праблема не толькі ў тым, што ў цемры можна лёгка скалечыцца, але і павялічваецца пагроза бяспецы грамадзянаў: у цемры часцей адбываюцца злачынствы.

Міхась Слаўнікаў,«Белсат»