Аб'ектыў 17.01.2019 Чорная сода з Крыму і печыва ад сепаратыстаў: улады ігнаруюць кантрабанду


Тавары з анексаванага Крыму на палічках беларускіх крамаў. Беларусь працягвае гандаль з акупаванымі Расеяй тэрыторыямі, нягледзячы на ​​дыпламатычныя ноты Кіева. А «Белсат» працягвае расследаваць схемы паставак тавараў, кантрабандных з пункту гледжання законаў Украіны і міжнароднага права.

У Беларусі або канчаецца харчовая сода, або расце кантрабанда. Побач са звыклымі башкірскімі бела-памаранчавымі пачкамі ў продажы з‘явіліся чорныя пачкі Крымскага содавага заводу з надпісам «Расейская Федэрацыя». Увагу на нязвыклы тавар звярнула нашая калега.

«На самым пачатку не пазначана, хто імпартаваў гэтую прадукцыю ў нашую краіну. Прадавачкі сказалі, што нічога не ведаюць», – кажа журналістка «Белсату» Любоў Лунёва.

Такую соду ў Менску прадаюць у сеткавай краме «Белмаркет», разам з іншымі крымскімі таварамі. Напрыклад, віном «Масандра».

«Раней мы ўжо сустракалі алей на зніжцы: «Крымчанка» з «каларадскай» стужкай і «Севастопальскае». А прадавачкі не могуць сказаць, хто імпартаваў, хто загадаў гэта прывезці. Мы толькі ведаем, што сетка «Белмаркет» аб’ядналася з сеткай «Гіпа», і ўладальнікі – расейцы», – адзначае журналістка.

Тавары з Крыму ў Беларусі прадавалі заўжды. Дык у чым праблема? У тым, што ніхто не прызнаў анексіі Крыму Расеяй. Увесну 2014-га адбыўся не рэферэндум аб самавызначэнні, а ваенная інтэрвенцыя з выкарыстаннем расейскіх войскаў без знакаў адрознення, казакоў і баевікоў. Быў і захоп расейскім спецназам Крымскага парламенту, і ўзброены штурм украінскіх вайсковых гарнізонаў, і выкраданні, а потым забойствы крымскіх татараў.

А Беларусь не толькі купляе ў Крыме віно, але і прадае туды свае тавары. На паўвостраве працуюць афіцыйныя прадстаўніцтвы МАЗу, гандлёвыя сеткі з беларускімі мяса-малочнымі харчамі, афіцыйна прадаецца мэбля з Беларусі. Хаця любы экспарт у Крым у абыход Украіны парушае ўкраінскія законы ды міжнароднае права.

Сітуацыю каментуе Ігар Ільяш, аўтар расследаванняў пра непасрэдныя пастаўкі з Беларусі ў ДНР/ЛНР:

«Гэты бізнес – відавочная кантрабанда з пункту гледжання ўкраінскага заканадаўства. І калі б улады Беларусі хацелі яе спыніць, то хапіла б аднаго тэлефанавання. Але гэтага не робяць».

Наадварот, менавіта Лукашэнка патрабаваў ад кіраўнікоў прадпрыемстваў шукаць любыя рынкі збыту, калі ў Расеі ад санкцыяў упаў попыт. Але навошта везці ў Беларусь спрэчныя тавары, няўжо сваіх няма?

«На ўзроўні МЗС і афіцыйна Беларусь прызнала Крым ад самага пачатку анексіі. Усе галасаванні ў ААН, усё супраць рэзалюцыі па Крыме. А на ўзроўні рыторыкі Лукашэнкі – так, сёння ён кажа адно, а заўтра – іншае», – адзначае Павел Знавец, эксперт у Міжнародным праве.

«Белсат» ужо расследаваў экспарт з Беларусі ў гэтак званыя ДНР і ЛНР трактароў МТЗ, грузавікоў МАЗ, побытавай хіміі ды шмат чаго яшчэ. Цяпер дайшло да смешнага: у Беларусі прадаецца печыва і іншая слодыч фірмы «Донко». Офіс – у Данецку, фабрыкі – у Данецку і Горлаўцы, лагістыка – у Макееўцы. Гэта акупаваныя расейскімі гібрыднымі сіламі ўкраінскія гарады. «Белсат» знайшоў гэтае печыва ў менскай краме «Капілка».

Яраслаў Сцешык, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары