Чэргі на перадачку па дзвесце чалавек на Акрэсціна і ў Магілёве


«Гарбата, паляндвіца, сала, печыва, арэшкі, цыгарэты, шкарпэткі, акуляры – карацей, тое, што трэба для жыцця», – пералічвае Наталля Дубіна, якая прынесла перадачу для мужа.

З гэткім наборам да сценаў ізалятара ў Магілёве прыйшлі больш за сотню чалавек.

«Вось, вось наш нумар». – «Што гэта значыць?» – «Гэта значыць, што мы трыццатыя, вось цяпер ужо трэба ісці хутка», – тлумачыць Наталля і паказвае нумар на сваёй руцэ.

У суботу сюды перавезлі каля двухсот асобаў з Жодзіна, у сераду давезлі яшчэ прыкладна шэсцьдзясят з Акрэсціна. Менавіта з суботы перадачы пачалі прымаць толькі ў чацвяргі. Раней перадаваць можна было штодня.

«Чалавека этапавалі ўчора з Акрэсціна сюды. І ён, хутчэй за ўсё, тут застаецца, хоць спісаў яшчэ не вывесілі, таму я не магу пра гэта ведаць. Ён выходзіць трыццатага. Сёння будуць чацвёртыя содні без перадачаў, але гэта яшчэ нічога», – распавядае Арына, пакуль чакае ў чарзе на перадачкі.

У Магілёў прыязджалі людзі з усёй Беларусі, у чарзе – амаль 200 нумароў.

«Адна чарга – для Паўла Аракеляна: ягоная маці прыедзе недзе а 12-й. Другі музыка – з гурта RECHA, спадар Леанід Паўлёнак. Таксама вось ягоныя сваякі прыедуць, для іх заняў чаргу», – кажа жыхар Магілёва Алег Дзьячкоў. На кожнай з яго далоняў па нумары.

Не меншая чарга сабралася каля сценаў Акрэсціна – каля трохсот чалавек адначасова.

«Перадаю перадачу для брата. Яго затрымалі беспасярэдне ў Цэнтральным РАУСе. Выклікалі туды на размову. Ну і ўсё, там ужо склалі пратакол нібыта за ўдзел у акцыі», – распавядае Валерый.

Брата Валерыя затрымалі за акцыю 11 кастрычніка. Шмат людзей прыйшлі сёння да сваіх родных, якіх затрымалі ў нядзелю, на Плошчы Перамен. Майк прыйшоў да свайго сябра, які хацеў пакласці кветкі каля мемарыялу Раману Бандарэнку.

«Можна перадаваць перадачу з 9-й раніцы. Мы запісаліся адныя з першых. Наш нумар – 163. Што будзе да абеду – не зразумела. Народ прыбывае бесперапынна», – кажа Майк.

Максімальная перадача за раз складае 5 кілаграмаў. За месяц можна перадаць 30. У нашай каляжанкі Галіны Абакунчык атрымалася перавага, калі журналістка перадавала рэчы ў сераду ў Жодзіне.

«Мы мусілі на месцы перасыпаць усе гэтыя прадукты і ўзважваць іх на месцы, дапісваць у гэты ліст. Складана было перасыпаць, узважваць, але хачу сказаць, што вялікую дапамогу робяць валанцёры, якія там застаюцца: яны дапамагалі і пашукаць гэтыя лісты, яны дапамагалі і ўзважваць прадукты, і кантраляваць чаргу», – успамінае Галіна.

Падрабязней аб перадачах распавядае сайт «0908help.tilda.ws». Ежу трэба перадаваць парэзанаю, рассыпное – у празрыстых пакетах. У некаторых ізалятарах ёсць стоп-ліст. Напрыклад, у ІЧС на Акрэсціна нельга перадаваць асадкі ды алоўкі.

«Ці ўсе змаглі перадаць рэчы, мне невядома. Але тыя людзі, якія прыходзілі двойчы, казалі, што здараецца так, што не ўсе паспяваюць гэта зрабіць, бо вельмі-вельмі шмат людзей прыходзіць», – распавядае Галіна.

А для перадачаў – адзін дзень на тыдні. Гэтак, у Магілёве сёння спынілі перадачы на прыкладна 140-ым нумары, хоць усяго было каля 180-ці.

Дзіяна Раткевіч, «Белсат»