Чэмпіянат свету па хакеі ў Менску – падарунак для Лукашэнкі


Ізноў дэпутаты Еўрапарламенту змагаюцца з правядзеннем чэмпіянату свету па хакеі ў Менску. Гэтым разам Робэрт Бедрань і Пятрас Аўштравічус накіравалі супольную заяву ў Міжнародную федэрацыю хакею.

«Ці хтосьці думае пра чэмпіянат па футболе ў Паўночнай Карэі? Не. А па-мойму, Лукашэнка ўжо падыходзіць да таго статусу», – каментуе сталы дакладчык Еўрапарламенту аб Беларусі Пятрас Аўштравічус.

Перанос чэмпіянату меў стаць чарговай санкцыяй у бок рэжыму Лукашэнкі.

«Гэтае пытанне не спартовае. Гэта пытанне не бяспекі эпідэмічнай. Гэта пытанне палітычнае, і гэта пытанне легітымацыі альбо нелігітымацыі дзейнай улады», – лічыць палітолаг Вольга Харламава.

Занепакоенасць выклікаў візіт прэзідэнта хакейнай федэрацыі Рэнэ Фазэля ў Беларусь, падчас якога той абдымаўся з Лукашэнкам і казаў аб прымірэнні ўлады з апазіцыяй.

«Ён сам нічога не вырашае. Усё будзе вырашаць камісія IIHF, дзе большасць сябраў настроеная супраць правядзення чэмпіянату свету ў Менску ў такіх умовах», – упэўнены журналіст «Прэсболу» Сяргей Южык.

Пасля сустрэчы ўлады Беларусі апублікавалі заяву. Між іншага, факты выключэння беларускіх спартоўцаў са зборных назвалі беспадстаўнымі. Тым часам Беларускі фонд спартовай салідарнасці паведаміў нам, што звольненыя 17 спартоўцаў нацыянальных каманд, 12 з якіх так і не вярнулі сабе месца.

Прэтэнзіі да старшыні беларускай федэрацыі Дзмітрыя Баскава ў заяве тлумачаць прынцыпам прэзумпцыі невінаватасці, хоць гэты прынцып не працуе для тысяч іншых беларусаў.

«І дзе следства, якое вядзецца, дзе чалавек, у адносінах да якога можна сказаць, што (ён невінаваты, бо няма суда) падазраецца, абвінавачаны ў здзяйсненні гэтага злачынства. На жаль, на сёння мы гэтага не бачым», – каментуе Вольга Харламава.

Чаму ж федэрацыя не спяшаецца адмяняць спаборніцтвы ў Беларусі?

«Па-першае, засталося не вельмі шмат часу, каб падрыхтаваць на нармалёвым узроўні такое мерапрыемства. Па-другое ў Беларусі мы ведаем, дзякуючы каму, дастатковая колькасць лядовых арэнаў. У Латвіі такой колькасці няма. Адпаведна, Латвія не можа чыста тэхнічна правесці гэтае мерапрыемства самастойна», – лічыць Вольга Харламава.

Яшчэ адна перашкода ў пераносе – эпідэмія. Не ўсе краіны гатовыя прыняць чэмпіянат з-за небяспекі каронавіруса.

Канчатковае рашэнне пра месца спаборніцтваў прымуць на паседжанні рады Міжнароднай хакейнай федэрацыі ў канцы студзеня.

Дзіяна Раткевіч, «Белсат»