Чебурнет не наш! У Маскве адбыўся пратэст супраць «суверэннага Рунэту»


Тысячы ўдзельнікаў і дзясяткі затрыманняў. У некалькіх гарадах Расеі адбыліся мітынгі дзеля абароны вольнага інтэрнэту. Пратэстоўцы выступалі супраць ізаляцыі расейскага сегменту сусветнага павуціння.

«Рукі прэч ад інтэрнэту!» – з такімі воклічамі Расея выйшла на мітынгі за свабоду інтэрнэту.

Удзельніца пратэсту, Масква: «Супраць закрыцця інтэрнэту. Апроч таго, супраць пуцінскай улады, супраць гэтага бязмежжа, супраць крывадушнасці, хлусні, крадзяжу, карупцыі!».

Паводле звестак валанцёраў «Белага лічыльніка», праз брамкі металадэтэктараў прайшлі больш за 15 тысячаў чалавек.

Удзельнікі пратэсту, Масква:

«Патрабаванне адное – дэмакратызацыя, лібералізацыя. Трэба, каб прыслухоўваліся, і зваротная сувязь з народам была».

«Я ведаю, што ў іх ні халеры не атрымаецца абмежаваць расейскі інтэрнэт. Яны проста адмыюць на гэтым велізарную колькасць нашых грошай».

Пратэст выклікала жаданне ўладаў прыняць закон аб аўтаномнасці расейскага сегменту інтэрнэту з прычыны «вонкавых пагрозаў і атакаў Захаду». Да таго ж днямі Дзярждума Расеі прыняла закон «аб фэйкавых навінах і непавазе да ўлады». Цяпер любы кантэнт, які сілавікі назавуць «непажаданым», будзе блакавацца нават без рашэння суда.

Наталля Панамарэнка, актывістка, «Прогулки свободных людей»: «Вось – калі ласка – тыранія, закрыццё свабоды слова. Нахабна кажуць у твар, што мы бамжы, дармаеды, лайдакі, таму нам пенсія не належыць. Яны раскрываюцца цалкам, але я радая. Гэта добра, што яны раскрываюцца».

Беспасярэдне перад акцыяй паліцыя затрымлівала людзей з паветранымі шарамі, бо гэта, цытата, «беспілотны лятальны сродкам». Усяго, паводле розных крыніцаў, паліцыянты затрымалі каля трох дзясяткаў чалавек.

Аляксей, Удзельнік пратэсту: «Я – зашчэмленая, бедная расейская свабода. Уся ў лахманах, ланцугах і кайданах. Але ўсё яшчэ жывая і спадзяюся на тое, што аднойчы ўсе расейцы даведаюцца, што яны – свабодныя грамадзяне».

Сваю незадаволенасць выказвалі і жыхары іншых гарадоў. Да прыкладу, у Наберажных Чалнах у цэнтры гораду ўсталявалі надмагілле з «датамі жыцця» кіраўніка Расеі, абгрунтаваўшы гэта так: «Пуцін пахаваў свабодны інтэрнэт – жыхары Наберажных Чалноў пахавалі Пуціна».

Дарэчы, планаваны кошт стварэння гэтак званага «Чебурнета» – каля 20-ці мільярдаў расейскіх рублёў.

Сцяпан Святлоў, «Белсат»