Чаяванне, згорнутае АМАПам


Гарбата, слодычы, сувеніры для новых сяброў і добры настрой. Мірная акцыя ў Салігорску ў падтрыманне зменаў у Беларусі сабрала каля трохсот чалавек.

«Мы хочам перавыбараў перадусім, хочам вызвалення палітзняволеных і хочам суда над гвалтам, які здзейсніўся і дзее дагэтуль цяпер. Гэта не фэйкі, мы знаёмыя з людзьмі, што прайшлі праз гэта», – мяркуе Алена, удзельніца акцыі ў Салігорску.

Акцыю арганізаваў стачкам «Беларуськалію», назву прыдумалі на ўзор Бостанскага чаявання – пратэсту, што паўстаў ад увядзення манаполіі на імпарт гарбаты ды фактычна паклаў пачатак барацьбе за незалежнасць брытанскіх калоніяў у Амерыцы.

«Мы б хацелі, каб нас такім чынам падтрымалі, падбадзёрылі, выказалі сваю салідарнасць», – распавёў старшыня стачкаму «Беларуськалію» Глеб Сандрас.

Месца сустрэчы – сімвалічнае. Парк чатырох стыхіяў, што бліз галоўнага офісу «Беларуськалію». Шахцёры флагману айчыннай прамысловасці аднымі з першых у Беларусі распачалі страйк на знак пратэсту супраць афіцыйна абвешчаных вынікаў прэзідэнцкіх выбараў і гвалту ў дачыненні мірных дэманстрантаў. Цяпер на працу не выходзяць каля 30 чалавек, яшчэ неакрэсленая колькасць шахцёраў працягвае так званую італьянскую забастоўку – прыходзяць на працоўнае месца, але робяць працу павольна.

«На жаль, ці на шчасце яны не ў шырокім інфармацыйным поле гэта не абвяшчаюць і не абазначаюцца, паколькі робяць гэта ў мэтах бяспекі. Мы не настойваем на тым, каб яны рабілі гэта публічна, хай яны робяць сваю справу», – кажа старшыня стачкаму «Беларуськалію» Глеб Сандрас.

Ад самае раніцы парк ачапіла міліцыя ды сілавікі ў бронекамізэльках. Да таго ж на анансаваным месцы мітынгу, як гэта традыцыйна робяць мясцовыя ўлады шмат якіх беларускіх гарадоў, разгарнулі восеньскі кірмаш.

«У нас кірмаш зладзілі на плошчы, хіба для таго, каб не было месца, дзе людзям станавіцца. Я паздымала, і мяне ледзь не забралі», – распавяла Елізавета, удзельніца акцыі ў Салігорску.

Нягледзячы на абяцанні міліцыі дазволіць для прыезджых гасцей экскурсію па Салігорску, ужо праз гадзіну пасля акцыі распачаліся затрыманні. На месца прыбыў АМАП. На момант рыхтавання матэрыялу затрыманымі застаюцца прынамсі 8 чалавек. У іх ліку адзін з лідараў стачак Юрый Корзун. Раней на знак пратэсту ён прыкаваў сябе кайданкамі да абсталявання шахты на глыбіні 305 метраў.

Юлія Лабанава, «Белсат»