Палата прадстаўнікоў ЗША распачала працэдуру імпічменту Доналда Трампа


Афіцыйную працэдуру імпічменту Доналда Трампа распачынае Палата прадстаўнікоў ЗША. Нагоду для гэтага прадстаўнікі дэмакратычнай партыі знайшлі ў ягонай тэлефоннай размове з прэзідэнтам Украіны, якая адбылася ў чэрвені сёлета.

Паводле крыніцаў амерыканскіх спецслужбаў, падчас гэтай размовы Трамп вымушаў Уладзіміра Зяленскага пачаць расследаванне супраць свайго імавернага канкурэнта па прэзідэнцкай гонцы Джоў Байдэна і ягонага сына Гантэра Байдэна. Апошні раней займаў пасаду ў савеце дырэктараў англійскага холдынгу «Burisma», які займаўся здабычаю газу ва Украіне.

Сам амерыканскі прэзідэнт у адказ на гэтыя прэтэнзіі дазволіў апублікаваць тэкст сваіх перамоваў з украінскім калегам – стэнаграма зʼявілася на сайце Белага дому. Сапраўды, як вынікае з публікацыі, Трамп падымаў пытанне Гантера Байдэна, але інакш, чым пазначалася ў амерыканскіх медыях:

«Шмат разоў пра сына Байдэна, што Байдэн спыніў крымінальны пераслед [рэд. – сына], і шмат людзей хоча даведацца пра гэта. Таму, калі б вы маглі зрабіць што-небудзь разам з генеральным пракурорам, было б выдатна», – тлумачыць Доналд Трамп.

Трамп мае на ўвазе генеральнага пракурора ЗША і прапаноўвае Зяленскаму звязацца з ім у межах патэнцыйнага расследавання. Аднак якога-кольвек ціску са стэнаграмы не вынікае.

«Ніхто не можа на мяне ціснуць, бо я прэзідэнт незалежнай краіны. Толькі мой сын, якому шэсць гадоў, можа ціснуць на мяне» – казаў сёння Уладзімір Зяленскі.

Між тым працэсу імпічменту пакуль не спынілі. У амерыканскай практыцы ён складаецца з дзвюх частак – Палата прадстаўнікоў Кангрэсу, у якой цяпер большасць дэмакратаў, вядзе расследаванне, а потым, калі палічаць вынікі дастатковымі, перадаюць справу ў Сенат. Амерыканіст з Масквы Міхаіл Таратута кажа:

«Там большасць галасоў у рэспубліканцаў. А для таго, каб вынесці прысуд, патрэбныя больш, дзве траціны галасоў. Якія сабраць амаль немагчыма. Шанцаў абсалютна няма».

Эксперт мяркуе, што гэтую сітуацыю Доналд Трамп нават можа абярнуць на сваю карысць перад прэзідэнцкімі выбарамі наступнага года – паказаць выбарнікам, што напады дэмакратаў сапраўды не больш як «паляванне на вядзьмарак», аб якім ён ледзь не штодня піша ў сваім Twitter.

Ян Вярбіцкі belsat.eu