Чацвёра беларусаў пацярпелі пасля адпачынку ў Егіпце


У кастрычніку пасля адпачынку ў Егіпце загінула сямейная пара беларусаў. Меркаваны дыягназ – атручанне. У лістападзе яшчэ адной турыстцы ў Егіпце стала дрэнна, яе шпіталізавалі ўжо ў Менску. 11 снежня хуткая дапамога забрала чарговую беларуску адразу з самалёта – ёй таксама стала кепска пасля адпачынку ў Егіпце.

Беларусы часцей за іншыя краіны ў якасці месца адпачынку абіраюць Егіпет. І, паводле звестак Белстату, цікавасць да гэтага кірунку з кожным годам расце. А адмыслоўцы запэўніваюць, што ў адсоткавых суадносінах колькасць няшчасных выпадку ў Егіпце не большая, чым у іншай краіне.

Глядзіце сюжэт у выданні «Аб’ектыву»:

Алена Кудлакова, дырэктарка турыстычнага агенцтва тлумачыць:

«Калі глядзець па статыстыцы, то са студзеня гэтага года намі было прададзена больш за тысячу пуцёвак у Егіпет. Прычым калі глядзець з усіх гэтых выпадкаў быў зафіксаваны толькі адзін, калі турысты паскардзіліся на дрэнны стан. Я лічу, што такія выпадкі могуць здарыцца ў любой краіне свету, як у нас тут у Беларусі, так у Егіпце, Тайландзе, бываюць такія выпадкі на Кубе, і ў Мексіцы».

Святлана Белавус у Егіпце адпачывала ўжо тройчы. Апошні раз акурат тады, калі загінула сям’я беларусаў:

«Мы жылі ў вельмі простым гатэлі, чацвёрка такая танная, але на мой погляд усё было стэрыльна, сталы прыбіралі, ежа была прыгатавана добра. Вось ужо 3 разы былі і ніякіх нараканняў з гэтай нагоды няма».

Некаторыя захады засцярогі Святлана ўсё ж выконвае:

«Адзінае, што мы не пʼём ваду з-пад крана, заўсёды толькі бутыліраваную, мы не пʼём напоі з лёдам. Кажуць, што можа быць такая прычына нядужання. Садавіну не перамываем, усе ямо са стала. Тры гады ездзім, праблемаў увогуле ніколі ні ў кога не было».

Пакуль што дакладныя дыягназы ні загінулых, ні пацярпелых беларусаў невядомыя і рабіць нейкія высновы рана. Лекары ж прызнаюць, што адпачынак у экзатычных краінах мае свае нюансы, ад якіх не заўсёды магчыма абараніцца.

«Тыя захворванні, якімі можна захварэць у афрыканскіх краінах, першае, гэта, вядома, кішэчныя інфекцыі, таму што праблемы санітарна-гігіенічныя стаяць на першым месцы. Прышчэпак тут ніякіх не зробіш, трэба выконваць элементарныя нормы санітарнай гігіены», – распавядае Таццяна Мішына, галоўны пазаштатны інфекцыяніст Магілева.

Харчавацца лепш за ўсё ў гатэлях. Менавіта там, паводле экспертаў і лекараў, ежа будзе якасная. Але самае галоўнае перад любым падарожжам – вывучыць абстаноўку ў краіне, куды адпраўляецеся.

«Трэба падрыхтавацца, перш чым ехаць у такія экзатычныя краіны, сабраць усю інфармацыю і прыняць узважанае рашэнне, ці варты адпачынак такой рызыкі», – рэкамендуе Таццяна Мішына, галоўны пазаштатны інфекцыяніст Магілева.

У выпадку адпачынку ў сапраўды экзатычных краінах варта спраўдзіць рэкамендацыі беларускага Міністэрства аховы здароўя. Ведамства падае пералік небяспечных хваробаў з пералікам адпаведных неабходных прышчэпак.

Алена Дубовік belsat.eu