Чацвер: крымінальныя прысуды, перадачкі, штрафы

На 5 гадоў асудзілі гамельчука Сяргея Верашчагіна за тое, што ён нібыта кідаў бутэлькі з вакна ў бок сілавікоў і пры затрыманні ўдарыў міліцыянта. Сяргей кажа, што толькі крычаў на сілавікоў з вакна. Пасля яны ўварваліся ў кватэру мужчыны і жорстка яго затрымалі.

5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму атрымаў Зміцер Лешчанка за нібыта гвалтоўныя пагрозы і за падпал хлява суседа-міліцыянта. Зміцер сцвярджае, што пра падпал нічога не чуў, зместу званкоў не памятае, але ўпэўнены, што не пагражаў падпалкоўніку.

«Сёння вядома больш за 530 імёнаў і прозвішчаў дакладных людзей, якія праходзяць у крымінальных справах паводле розных артыкулаў. І бальшыня гэтых справаў мае палітычную афарбоўку», – паведамляе праваабаронца ПЦ «Вясна» Наталля Сацункевіч.

Пачаўся разгляд крымінальнае справы жыхара Наваполацку Іллі Лабцэвіча за гвалтоўныя дзеянні ў дачыненні міліцыянта. На нядзельным маршы 14 верасня амапаўцы пачалі збіваць Іллю і ягоную маці. Мужчына хацеў абараніць яе і атрымаў удар дубінкай па галаве. Мужчыне пагражае пазбаўленне волі да 6 гадоў.

Паводле артыкулу за хуліганства гамяльчук Георгій Васіленка атрымаў два гады абмежавання волі. 16 жніўня на плошчы Леніна мужчына замяніў дзяржаўны сцяг на бел-чырвона-белы.

«Нельга з такімі прысудамі пагаджацца. Зразумела, што гэта чыста палітычнае, паказальнае», – лічыць Георгій.

Змагацца з нацыянальным сцягам працягвае і Міністэрства надзвычайных сітуацыяў. Сёння стала вядома, што згодна з распараджэннем ад 6 кастрычніка звонку будынкаў нельга размяшчаць вырабы з гаручага тэкстылю.

Сёння праваабаронца Уладзімір Вялічкін за нібыта парушэнне самаізаляцыі пакараны штрафам 1350 рублёў. 9 лістапада ён прыехаў з Польшчы, 11-га паехаў у аптэку, на што меў права падчас каранціну. Праваабаронца лічыць, што ягоны тэлефон праслухоўваўся, а таму затрымалі яго адмыслова.

«Неяк непрыемна і брыдка ўсведамляць тое, што слухаюць да такой ступені і да такіх дробязяў звяртаюцца, што задзейнічаюць і ДАІ, і ўчастковых, і райаддзел у брудных справах». – падзяліўся Уладзімір.

Чацвер – дзень перадачаў у магілёўскім ізалятары, а таксама на Акрэсціна, дзе змяніліся правілы прыёму прадуктаў. Цяпер трэба пазначаць тэрмін прыдатнасці. А калі пакаванне недастаткова празрыстае, прадукт трэба перакласці ў празрысты пакет і ўкласці туды арыгінальны пакунак. Маці, якія прывезлі перадачкі для сваіх сыноў, падзяліліся з намі сваймі пачуццямі:

«Мы ведаем, што ён у адных і тых жа майтках, у адных і тых жа нагавіцах. (Плача). Што ён не можа нават элементарных побытавых умоваў захоўваць».

«Безумоўна, мы гэтага не чакалі і не думалі, што ўсё так абернецца, што мой сын будзе сядзець тут і я буду да яго прыходзіць».

Занепакоенасць грамадска-палітычным крызісам у краіне сёння выказалі каталіцкія біскупы. Мы запыталіся ў менчукоў, ці варта царкве даваць ацэнку палітычным падзеям.

«Царква павінна быць з людзьмі, з народам. Адпаведна ўсе перажыванні народу павінны неяк адгукацца».

«Царква – гэта таксама пэўнага кшталту арганізацыя, таму хочуць – так, не хочуць – няхай сядзяць, як і некаторыя людзі, і нічога не робяць».

«Усе слаі насельніцтва неяк рэагуюць на сітуацыю ў краіне. І я лічу, што царква – гэта не вынятак».

Асабліва святары пераймаюцца працягам гвалту і падзелам грамадства, таму заклікаюць да дыялогу.

Дзіяна Раткевіч, «Белсат».

Глядзі таксама