Часнык і гарэлка - ці абароняць ад каронавіруса?


Мінула 5 дзён, як выявілі каронавірус у Беларусі. Цяпер лабараторна пацверджана 6 выпадкаў інфекцыі – у Менску і Віцебску. На шчасце, ні пандэміі, ні панікі няма:

«Я проста прастудзілася, таму надзела маску».

«Жыву звычайным жыццём».

«Думаю, што да нас не дабярэцца».

«Хто захварэць павінен, той захварэе».

«Аптымізм нам у дапамогу».

Акрамя аптымізму прыдасца і прафілактыка. Самая простая і дзейсная захада – часцей мыць рукі. У некаторых грамадскіх месцах нарэшце з’явілася мыла і антысептыкі. Больш дбаюць і пра чысціню некаторых установаў.

«У інтэрнаце ўвялі дадатковыя захады бяспекі, гэта антысептыкі. У нас там кожны дзень падлогу мыюць, усё стэрыльна, усё цудоўна», – паведаміў нам студэнт з Менску.

Што яшчэ варта рабіць, каб не падхапіць віруса?

«Я проста паболей дома сяджу».

«Рукі даводзіцца мыць часцей, меней кантактаваць».

«Ёсць такая калоідная вада, мы кожны дзень, раніцаю і ўвечары, пырскаем у горла і вакол сябе».

«Ем садавіну, ківі, грэйпфруты, яблыкі».

«Часнычка паем, сальца, і ўсё нармальна».

«Я часнык кожны дзень ем, нічога, дапамагае».

Як сцвярджаюць эксперты Сусветнай арганізацыі здароўя, ні часнык, ні 40-градусныя ды іншыя алкагольныя напоі ад заражэння каронавірусам не ўратуюць. Адзінае, што можа абараніць чалавецтва ад віруса, – гэта вакцына.

«Вядома, што гэтую вакцыну робяць, ідуць даследаванні. Але клінічныя даследаванні, якія скажуць, ці можна даць гэтую вакцыну людзям, займаюць адзін год», – кажа лекарка ў Украіны Ганна Горбань.

А тым часам у Беларусі амаль 15 тысячаў чалавек застаюцца на кантролі з прычыны каронавіруса. Медыкі даследавалі 85 адсоткаў студэнтаў, якія кантактавалі з заражаным «Ковід-19» студэнтам з Ірану. Правяраюць і тых, хто меў стасункі з інфікаванаю жыхаркаю Віцебску, якая нядаўна вярнулася з Мілану. Паводле дактароў, стан інфікаваных – здавальняльны. Распаўсюджаная ж расейскім тэлебачаннем інфармацыя пра ахвяру каронавіруса ў Беларусі – непраўдзівая, напярэдадні «Першы канал» прызнаў памылку:

«Браты, гэта памылка, нашая памылка, але як кажуць, вымушаная памылка, выпадковая, не наўмысная, але ўсё роўна, прабачце, памыліліся, ніхто не памёр у Беларусі, усе жывыя».

І каб так было надалей, медыкі раяць і цяпер і пазней прытрымлівацца здаровага ладу жыцця: здаровае харчаванне і спорт – найлепшая абарона ад усіх хваробаў.

Вольга Старасціна, «Белсат»