Час на кампанію «Я/Мы выкрадзеныя, арыштаваныя, забітыя»


Нас сотні тысяч, і кожны з нас лідар, які можа ўплываць на будучыню Беларусі – словы Святланы Ціханоўскай, якая аб’явіла старт кампаніі «Я/Мы Каардынацыйная рада».

Салідарнасць сёння патрэбная таксама затрыманым журналістам «Белсату», рэдакцыям парталу hrodna.life, праекту «Імёны», а таксама студэнтам… якія ў любы момант могуць апынуцца за кратамі.

Маці Алена і сын Уладзіслаў Джумайлы змагаліся за скасаванне 18 содняў, якія прысудзілі Уладзіславу. Маці пацярпелага не можа схаваць эмоцыяў: «Гэта проста поўнае бязмежжа. Вы разумееце, што перажывае маці, калі ейнага сына нідзе няма і ніхто не кажа дзе».

Гэтае відэа Алене паказалі працаўнікі сталічнай крамы «Суседзі», куды Уладзіслаў хадзіў па харчы 11 верасня. Усё скончылася пераломамі рэбраў, гематомамі і чатырма соднямі здзекаў за кратамі на Акрэсціна.

Уладзіслаў Джумайла ўзгадвае:

«Мала месца было, вады не давалі, толькі на раніцу нам прынеслі 6 боханаў хлеба. Гэта быў увесь наш рацыён на дзень».

78 чалавек з пабоямі на шасці з паловаю квадратных метрах без страхі над галавою…

Суды сёння ідуць у шматлікіх гарадах. Студэнта Віцебскай ветакадэміі Кірыла Бякасава аштрафавалі на Br 135 за пікет з плакатам «нам не нужен поводок». Прэтэнзія, кажа, была адрасаваная ягонай вучэльні: «Склаў пратакол супрацоўнік міліцыі, дзе напісаў што мая акцыя была накіраваная на крытыку мінулых выбараў. Я з пратаколам не пагадзіўся».

Суд Першамайскага раёну Віцебску аштрафаваў студэнтаў Віцебскага тэхналагічнага ўніверсітэту Юлію Навумаву і Цімафея Журкевіча, якія 1-га верасня збіралі подпісы за сход жыхароў з дэпутатамі: «Я не згодны з рашэннем суда, бо пад час збору подпісаў я не браў удзелу ў пікетаванні. Збор подпісаў – законам не забараняецца», – сказаў маладзён.

Br 54 штрафу далі таксама прадпрымальніку Сяргею Януковічу. Мужчына кажа, што не прабачаюць нікога:

«Содні даюць тым, каго заўважылі на пратэстах, выпадковым – штрафы і папярэджанні. Я ні ў якім разе не лічу, што цяпер ганебна быць асуджаным паводле арт. 23.34 АК – удзел у несанкцыянаваных мерапрыемствах. Гэтым артыкулам цяпер больш правільна ганарыцца, а не саромецца».

За кадрам гэтага каментара быў журналіст Зміцер Казакевіч, які супрацоўнічае з »Белсатам« і якога затрымалі пасля запісу гэтага відэаматэрыялу. Пасля пастарунку – накіравалі ў Віцебскі ізалятар часовага ўтрымання.

Падобны эпізод сёння адбыўся ў Гомлі, дзе журналістку Ларысу Шчыракову затрымалі праз гадзіну пасля запісу каментара на тэму затрымання ейнага калегі Андрэя Толчына. Ларыса казала:

«Безумоўна, ягонае затрыманне – гэта з аднаго боку помста за прафесійную дзейнасць, а з другога – спроба заткнуць ірты журналістам».
Умовы працы журналістка назвала стрэсавымі:»Хвалююся, каб было каму майго дзіцёнка дагледзець няпоўнагадовага. І ўвесь час трымаю з сабою турэмную катомку на выпадак, калі мяне раптоўна затрымаюць».

Ларыса і Андрэй даўно знаёмыя са спецыфікаю працы ў складаных умовах. А вось Дзмітрый Семчанка, які звольніўся з прэзідэнцкага пулу журналістаў і выказаўся супраць нішчання беларусаў сілавікамі – турэмнай «катомкі» не меў. 10 верасня міліцыянты далі яму 5 хвілін на зборы, а сёння ён атрымаў 15 содняў арышту.

Шырока падтрыманая беларусамі на выбарах Святлана Ціханоўская пад час міжнародных спатканняў дамагаецца вызвалення палітвязняў, у ліку якіх сябры Каардынацыйнай рады і чальцы ейнага штабу, як Антаніна Канавалава.

«Улада ўсімі гвалтоўнымі спосабамі намагаецца абезгаловіць лідараў меркаванняў. Ад таго колькі людзей яны выкінуць з краіны ці перасаджаюць, нічога не зменіцца, бо цяпер у нашай краіне кожны чалавек ёсць лідарам», – распавядала Святлана польскім палітыкам.

11 верасня Ціханоўская дала старт кампаніі «Я/Мы Каардынацыйная рада». Субʼекты бізнесу сёння могуць ствараць чарговую – «Я/Мы PandaDoc». IT-кампанію, сустваральнік якой прапаноўваў сілавікам застацца на добрым баку, абвінавацілі ў махлярстве. Пакуль – без падрабязнасцяў.

Юлія Цяльпук, «Белсат»