Аб'ектыў 09.04.2018 «Чарнобыльскі шлях – акцыя для тусоўкі». Стаў вядомы план ЧШ-2018


Дагэтуль у беларусаў у красавіку быў адзін шлях – Чарнобыльскі. Сёлета дадасца Астравецкі. І калі Чарнобыльскі – акцыя аднадзённая, то Астравецкі распачнецца 26-га красавіка, але зойме багата дзён. Пакуль жа арганізатары чакаюць ад уладаў дазволу на правядзенне традыцыйнага шэсця на 32-ю гадавіну радыяцыйнай аварыі.

Нешта прынцыпова змяняць у фармаце «Чарнобыльскага шляху» часу амаль не засталося. Арганізатары абяцаюць зрабіць на пачатку акцыі мітынг на прыступках Акадэміі навук, а напрыканцы – запаліць знічы каля Чарнобыльскай капліцы ў Парку дружбы народаў. Ёсць рызыка, што ахвотных застацца на плошчы Бангалор будзе зусім не шмат. Што да парадку дня, арганізатары зробяць акцэнт у тым ліку і на рэгіянальных экалагічных праблемах.

«Новыя «мікрачарнобылі», гэта шкодныя вытворчасці, якія ўжо запушчаныя ў эксплуатацыю, або будаўніцтва якіх толькі плануецца. Напэўна няма ніводнага рэгіёну, дзе людзі не пратэстуюць супраць працы прадпрыемстваў, якія наносяць відавочную шкоду», – кажа старшыня руху «За свабоду» Юрый Губарэвіч.

Перадусім маецца на ўвазе акумулятарны завод пад Берасцем і пратэсты супраць цэлюлознага камбінату пад Светлагорскам. Але ёсць і агульнанацыянальнае пытанне: будова АЭС у Астраўцы, пра якую кажуць у Партыі зялёных.

«Да канца года плануецца завоз атамнага паліва і гэта будзе рубіконам пасля якога Беларусь стане фактычна ядравай дзяржавай і ўплыў будзе вельмі сур’ёзны, бо мы гэтае паліва не зможам перапрацоўваць і яно будзе ў нас захоўвацца для нашых нашчадкаў», – кажа Дзмітрый Кучук, намеснік старшыні Партыі зялёных.

Увесці ў эксплуатацыю першы энергаблок АЭС, якая будуецца з 2011 году, абяцаюць ужо налета.

Зрэшты, ідэя не змяняць фармат «Чарнобыльскага шляху» і правесці яго так, як і летась, выклікае пэўную крытыку. Гэта будзе адыходам ад поспеху грамадзянскай супольнасці, якое было 25 сакавіка.

Публіцыст Алесь Кіркевіч, які прапанаваў завершыць «Чарнобыльскі шлях» канцэртам-рэквіемам, тлумачыць, чаму вулічныя акцыі апазіцыі мусяць змяняцца, і датычыць гэта не толькі Дня Волі. Змены мусяць закрануць і 25-га сакавіка, і 26-га красавіка, і акцыю на Дзяды.

«Гісторыя боек і супрацьстаяння яна засталася ў 90-х. А ў апошнія гады гэта шэсце пэўнай тусоўкі, дзе ўсе адзін аднаго ведаюць, з бубнамі, касцюмамі пандаў. Гэта ні разу ані пра Чарнобыльскі шлях, ані пра Чарнобыльскую катастрофу», – кажа Кіркевіч.

Арганізатары імпрэзы на Дзень Волі фізічна не ў стане зладзіць яшчэ адну акцыю за такі кароткі тэрмін, кажуць нашыя суразмоўцы. Але гэта не азначае, што змены не адбудуцца цягам бліжэйшых гадоў. Вучацца ўсе. У прыватнасці, сёлетнія арганізатары таксама абвесцілі збор сродкаў для акцыі 26 красавіка праз краўдфандынг.

«Дзень Волі гэта пра незалежнасць Беларусі, Чарнобыльскі шлях – гэта пра чарнобыльскую катастрофу, таму туды б варта было запрасіць Алексіевіч, ліквідатараў, людзей з адселеных вёсак. А не рабіць з гэтага мерапрыемства для тусоўкі», – дадае Кіркевіч.

Пакуль жа праграма на 26-га выглядае такім чынам: збор каля Акадэміі навук а 18-й ды шэсце па вуліцы Сурганава ў бок плошчы Бангалор.

Пасля імпрэзы арганізатары абяцаюць распачаць кампанію «Астравецкі шлях», каб працягнуць казаць пра небяспеку Астравецкай АЭС. Цяпер толькі 15 % беларусаў лічаць рызыкоўным будаўніцтва атамнай электрастанцыі ў краіне.

Аркадзь Несцярэнка; фота – Віктар Драчоў/ТАСС

Глядзі таксама
Каментары