Чарговыя прысуды ў «справе медыкаў»: галоўнаму лекару і дырэктару фармзаводу


2,5 гады абмежавання волі – так званай «хатняй хіміі» – атрымаў за хабар былы галоўны лекар Рэспубліканскага цэнтру медычнай рэабілітацыі і бальнеалогіі Сяргей Карыцька. Экс-дырэктару фармпрадпрыемства «Экзон» з Драгічына пашанцавала менш – 7 гадоў калоніі, таксама за хабар.

Сяргей Карыцька кіраваў Рэспубліканскім цэнтрам медычнай рэабілітацыі і бальнеалогіі больш за 20 гадоў. Меў павагу калегаў і ўдзячнасць пацыентаў. І… быў асуджаны за хабар у $ 2 тыс.

«Ёсць рэцыдывісты, ёсць схільныя да гэтай справы. І паколькі я яго ведаю чвэрць стагоддзя, гэта выпадковасць», – заявіў «Белсату» былы калега Сяргея Карыцькі Вячаслаў Рак.

Суд Завадскога раёну Менску вынес вырак: 2,5 гады абмежавання волі без накіравання ў адпаведныя ўстановы і канфіскацыя тых самых $ 2 тыс. Грошы Карыцька атрымаў як падзяку ад пастаўшчыка за закупку апарату для водагразелячэбніцы.

«Я сам столькі перажыў і сам сябе папракаю, што ніякае пакаранне не параўнаецца», – сказаў побач з судом Сяргей Карыцька.

Падчас працэсу ён цалкам прызнаў віну. Кажа: «чорт падбіў» на кепскую справу. Але былы кіраўнік Менскай водагразелячэбніцы плануе вярнуцца ў прафесію.

А вось Валерый Васкевіч, былы кіраўнік фармацэўтычнага прадпрыемства «Экзон», да справаў вернецца не хутка. Суд Драгічынскага раёну Берасцейскай вобласці прызнаў яго вінаватым у атрыманні $ 25 тысячаў у якасці хабару за дапамогу ў выкананні кантракту адносна юрыдычных асобаў з Ізраілю і Ганконгу і прызначыў 7 гадоў калоніі. Васкевіч быў адным з першых высокапасадоўцаў, пра затрыманне каторых летам заявіў старшыня КДБ Валерый Вакульчык.

Масавыя затрыманні медыкаў і фармацэўтаў дзяржаўныя тэлеканалы паказалі як вынік размовы Аляксандра Лукашэнкі з народам падчас паездкі ў Віцебскую вобласць. 7 ліпеня 2017-га жыхарка Копыся спытала, чаму беларускія лекі даражэй за еўрапейскія. Лукашэнка тут жа знайшоў вінаватых:

«Калі вы ставіце пытанні, што ў нас дарагаватыя лекі, значыць, ёсць праблемы. Мае памочнікі перададуць ва ўрад, каб там прааналізавалі ды паведамілі мне, што за дарагія лекі, якіх людзі купіць не могуць… Нельга вытворцу лекаў даваць магчымасць тлусцець за наш кошт».

І вось у мінулым чэрвені адбыліся масавыя затрыманні медыкаў. Дзяржаўныя СМІ казалі пра карупцыйныя абароты ў сотні тысячаў долараў. Праўда цяпер, у судовых залах называюцца куды меншыя сумы. А Лукашэнка ўжо дэманструе, што навёў парадак.

«Справа медыкаў» укладаецца ў цяперашнюю мадэль кіравання – ліквідацыя пагрозаў, кажа палітолаг Сяргей Нікалюк:

«А калі пагрозы няма, яе можна прыдумаць на пустым месцы. Людзі ствараюць пагрозу, а потым пачынаюць яе ліквідаваць. Але перад гэтым атрымліваюць фінансаванне. Вось за гэта фінансаванне шляхам стварэння пагрозаў у вышэйшых эшалонах улады і ідзе бесперапынная барацьба».

Але лекі танней не стануць. Дзяржаўнае прадпрыемства «Белмедпрэпараты» застаецца манапалістам у вытворчасці інсулінавых, ферментавых і біягенных прэпаратаў, лекаў супраць анкалогіі, наркатычных ды псіхатропных рэчываў. І Міністэрства аховы здароўя працягне рэгуляваць максімальныя адпускныя кошты.

Яраслаў Сцешык, belsat.eu