Чарговы дзень судоў. 15 верасня праз суды прайшло больш за 200 мірных дэманстрантаў


Дзве бяссонныя ночы перажыла мама затрыманага падчас нядзельнага пратэставага маршу Антона. Толькі сёння маладзён выйшаў з Акрэсціна.

«Калі суд, я нават не ведала. А потым датэлефанавалася ўсё ж такі. Сказалі, што суд адбыўся і што яму далі 30 базавых. Мы адразу сюды прыехалі. Учора цэлы дзень тут правяла, перадачу так і не прынялі. І ўвогуле. У няведанні такім. Нейкі жах», – абураецца Святлана, маці затрыманага Антона.

Калі эфір нашага інфармацыйнага блоку ўжо пачаўся, бацькі аднаго з затрыманых папрасілі не публікаваць сваю гісторыю, бо справай займаецца Галоўнае ўпраўленне па барацьбе са злачыннасцю. Яны баяцца, што публікацыя нашкодзіць дзіцяці, пакуль тое адбывае содні на Акрэсціна.

Судзілі ды штрафавалі сёння і па-за Менскам. Гэтак, у Віцебску суд Чыгуначнага раёну пакараў доктарку-анколага Ганну Гайдаш штрафам 108 рублёў. Абвінавачанне паводле двух пратаколаў: за ўдзел у несанкцыянаваных шэсцях 30-га жніўня і 6-га верасня.

«Ну, прайшло ўсё максімальна бязбольна, бо калі цябе падтрымлівае такая колькасць людзей… Страшна? Не, не страшна. Калі за праўду, то, напэўна, ніколі не страшна. Адчуваю сябе нармальна. Прайшло ўсё максімальна хутка. Я, шчыра кажучы, думала, што будзе даўжэй», – распавядае аштрафаваная за ўдзел у маршы Ганна Гайдаш.

Сёння па ўсёй Беларусі судзілі каля двухсот мірных дэманстрантаў. Больш за 50 чалавек атрымалі ад трох да пятнаццаці содняў арышту, а каля ста сарака чалавек выйшлі з судоў са штрафамі.

Дзіяна Раткевіч «Белсат»