Чарговы падземны пратэст шахцёра «Беларуськалію»


Пасля начной змены ў шахце чацвёртага рудаўпраўлення работнік «Беларуськалію» Алег Кудзёлка не выйшаў на паверхню ў знак пратэсту і абвясціў бестэрміновы страйк.

«Кайданкамі сябе я не прышпіляў, сэнсу ў гэтым не бачыў. Я перашкодаў працы абсталявання не ствараў. Гэта быў чыста мірны пратэст мой. Я папросту хацеў паказаць працоўным, што няма чаго баяцца», – распавядае шахцёр 4 рудаўпраўлення «Беларуськалію» Алег Кудзёлка.

Да шахцёра спусцілася адміністрацыя і горнаратаўнікі. Алег пабаяўся прымянення фізічнай сілы, таму самастойна выйшаў на паверхню. Пасля мужчыну павезлі ў псіханеўралагічны дыспансэр у Салігорску, там спраўдзілі на алкагольнае ап’яненне, якога не выявілі. Алег вярнуўся дадому, каб пераапрануцца і накіравацца ў РАУС для прафілактычнай размовы.

«Я бачыла Алега, я бачыла на працягу ўсяго часу, што адбываецца ў краіне. Я бачыла, што ён вельмі турбуецца і я ў прынцыпе недзе маральна была гатовая да гэтага», – кажа жонка Алега Кудзёлкі Таццяна Серавокая.

У сям’і ёсць непаўнагадовыя дзеці, таму жонка Алега не змагла прыехаць ды падтрымаць мужа, пакуль той быў у шахце. Затое гэта зрабілі дзясяткі іншых шахцёраў «Беларуськалію», якіх пазней затрымаў АМАП. Паводле УУС Менскай вобласці каля прахадной 4 рудаўпраўлення сёння затрымалі дваццаць двух чалавек. На момант рыхтавання матэрыялу страйкавы камітэт «Беларуськалію» паведаміў, што выпусцілі ўсіх, акрамя Анатоля Бокуна. Некалькі чалавек сабралася каля РАУС Салігорску ў яго падтрымку.

«Ну правільна чалавек зрабіў – гэта форма пратэсту. Адзінае што вынік. Не ведаю, які вынік. Пры нашай уладзе гэта не вынік. Пры нашай уладзе трэба зрабіць страйк, каб не атрымаў, вы ведаеце хто, канчатковы прадукт. Не будзе канцавога прадукту – не будзе грошай. Вось гэта будзе сур’ёзным ударам», – лічыць пра ўчынак Алега Кудзёлкі шахцёр 3 рудаўпраўлення «Беларуськалію» Валерый Маслоўскі.

На камеру салігарчане баяліся выказаць меркаванне пра пратэст Алега Кудзёлкі, а большасці апытаных дзеянні шахцёраў не падабаюцца.

«Ды я думаю, што гэта ніяк не дапаможа справе».

«Я лічу, што гэта папросту глупства, выбачайце».

«Яны малайцы, таму што большая частка людзей дала заднюю. У нашым горадзе ўсе трымаюцца за працу».

«Я думаю, што нельга баставаць, таму што гэта заробак, адчысленні».

Гэта не першы выпадак, калі шахцёр пасля смены застаўся пад зямлёй. 10 верасня шахцёра 1-га рудаўпраўлення Юрыя Корзуна гвалтоўна выцягнулі на паверхню пасля таго як той прыкаваў сябе да абсталявання шахты.

Дзіяна Раткевіч, «Белсат»