Чарговы дзень разгляду крымінальных спраў. Сёння шмат пераносаў


У Беларусі працягваецца судовы канвеер.

«Усе працуюць у прыватных інтарэсах: Следчы камітэт, суд, абвінавачанне».

Зміцер Шчурко з Берасця абвінавачваецца ў крадзяжы рацыі ў амапаўца на нядзельным маршы 20-га верасня. Сёння паседжанне перанеслі на 23-га снежня.

«Упушчаная ці згубленая радыёстанцыя злачынца ў чорным перавернутая як выкраданне яе ў яго загадзя, з намерам. Давесці яны гэта не могуць. Як можна ехаць з намерам, што ён яе ўпусціць?» – лічыць Зміцер.

Прысуд у крымінальнай справе блакавання дарогі ў Серабранцы перанеслі на 22-га снежня. Вінавацяць Артура Булаўскага, няпоўнагадовага Максіма Бабіча і былую журналістку «Народнай волі» Вольгу Класкоўскую. Пацярпелыя ж, якіх пяцёра, не маюць прэтэнзіяў.

«Справа, канечне, увесь прысуд несправядлівы, бо ніякіх доказаў няма, на мой погляд. Ну, так яно і ёсць. І такі вялікі тэрмін, ну…», – абураецца дачка Вольгі Міраслава.

За паведамленне ў тэлеграм-чаце Змітра Кулакова з Віцебску вінавацяць у абразе і пагрозе гвалтам міліцыянту.

«Ну вось, мой муж напісаў у Telegram: «Зварот да маёра Патоцкага. Раз так, то афіцыйна папярэджваю маёра Патоцкага. Чакай, прыкарытнік, люстрацыі, бо самасуд для цябе будзе значыць канец», – зачытвае жонка Змітра Юлія.

Пракурор прасіў 6 гадоў пазбаўлення волі, але мужчына атрымаў тры з паловаю абмежавання. У яго двое дзяцей – трох і дзевяці гадоў.

«Ён спагадны, ён добры па сваёй натуры. Ён сядзеў у СІЗА – напісаў мне ў лісце, каб я дапамагла яшчэ аднаму чалавеку. У іх там таксама страшная сітуацыя», – распавядае Юлія.

За абразлівы каментар у бок міліцыянта – таксама ў тэлеграм-чаце – распачалі крымінальную справу супраць 21-гадовай мянчанкі.

«Да гэтага рэпрэсіўнага года вы пабачыце, што апраўдальных прысудаў вельмі нізкі адсотак. Я б нават сказаў, што менш за адсотак. Паводле звестак рэпрэсіўных артыкулаў, я думаю, што апраўдальных прысудаў папросту апрыёры быць не можа, бо так працуе рэжым», – лічыць праваабаронца Павел Левінаў.

На панядзелак перанеслі адміністратыўную справу Марыі Амасовіч. Дзяўчыну затрымалі 6-га снежня, калі яна шпацыравала з бела-чырвонымі паветранымі шарыкамі па Віцебску.

«Міліцыянты, якія хацелі мяне абвінаваціць у тым, што я пікетавала з гэтымі шарыкамі. Але толкам яны нічога не маглі давесці». – распавядае Марыя.

Тыя, дзякуючы каму вы штодзённа можаце назіраць за судамі, – таксама пад ціскам рэпрэсіяў. Сёння ў нашага калегі Змітра Лупача мусіў адбыцца суд па адміністрацыйнай справе за нібы незаконны распаўсюд прадукцыі СМІ, але яго перанеслі на 23 снежня, бо не хапіла суддзяў.

«Наагул гэта ў мяне ўжо сёмая справа сёлета менавіта па гэтым артыкуле. І ў пяці выпадках я атрымаў вялікія штрафы», – узгадвае Зміцер.

Палітычнымі вязнямі прызналі нашых калегаў Кацярыну Барысевіч, Дар’ю Чульцову, а таксама Кацярыну Андрэеву, у якой адзінаццатага снежня здарыўся другі алергічны прыступ, пра што стала вядома сёння.

Паводле ейнага мужа Ігара Ільяша, прычына ў старых матрацах, у якіх могуць быць пылавыя кляшчы. За кратамі застаецца і аператар-фрылансер Іван Куракевіч, якога мусяць вызваліць 22-га снежня.

Дзіяна Раткевіч, belsat.eu.