Аб'ектыў 26.04.2019 Чаму жыхары Астраўца не баяцца БелАЭС?


Чарнобыль не навучыў. У Беларусі будуюць Астравецкую атамную станцыю, запускаць яе плануюць сёлета. Як ідзе будаўніцтва АЭС, чым жывуць і да чаго рыхтуюцца жыхары Астраўца? У матэрыяле Вольгі Чайчыц.

Яшчэ ў 2010 годзе тут было чыстае поле. Астравец расце хутка, з’яўляюцца новыя мікрараёны з развітою інфраструктурай. Горад пачаў расці напоўніцу разам з атамнаю станцыяй. Магчыма, збольшага таму людзі ў Астраўцы не супраць АЭС.

«Дадатковыя працоўныя месцы, зусім змяніўся горад, а тое, што ў нас побач была «Ігналіна», мы да гэтага ўжо прывыклі».

«Горад будуецца, малады горад, натхняе. Мне падабаецца. А што атамка, пакуль не ведаем, мо, дасць бог, усё добра будзе. Думаецца рознае, але спадзяемся на лепшае».

«Горад будуецца, вельмі прыемна, усё прыгожа вакол. – А наконт радыяцыі? – Пажывем – пабачым, не ведаю, трошкі страшнавата», – кажуць жыхары Астравеччыны.

Дзяржава прыкладае шмат намаганняў, каб людзі верылі ў бяспеку станцыі. Кожны экспанат, які нам паказалі ў інфармацыйным цэнтры АЭС, – дэманстрацыя надзейнасці.

«Кожная нітачка захопліваецца адмысловым вельмі магутным дамкратам і сціскаецца з вельмі магутнаю сілай. Уціскваецца так, што нават сам будынак, яго дыяметр 44 метры, яго дыяметр змяншаецца на 5 см. Гэта для чаго зроблена: калі што-небудзь здарыцца з рэактарам і радыеактыўныя рэчывы выйдуць вонкі, каб яны не трапілі ў навакольны асяродак», – распавядае Эдуард Свірыд, кіраўнік упраўлення інфармацыі і грамадскіх сувязяў БелАЭС.

Між тым, паводле вынікаў грамадскай экспертызы стрэс-тэстаў БелАЭС, якія падалі «Экадом», «Зялёныя» і Беларуская антыядравая кампанія, беларуская станцыя не адпавядае стандартам МАГАТЭ і WENRA. Апроч гэтага…

«Беларуская АЭС будуецца з парушэннем канвенцыяў, без рэальнага ўліку меркавання грамадзянаў, і гэта таксама зафіксаванае Оргускай канвенцыяй. Мы не дамовіліся з суседзямі, і гэта важнае пытанне. Апроч гэтага, еўрапейскімі рэгулятарамі ENSREG выяўленыя праблемы з бяспекаю самога праекту», – кажа Ірына Сухій, «Экадом».

Першы корпус рэактара ўпаў, тое замоўчвалася, але пасля таго, як праблему ўзнялі медыі, яго замянілі. Другі корпус у часе транспартавання стукнулі аб слуп, але замяняць ужо не сталі. З неабходных у будучыні дзвюх з паловаю тысячаў пастаянных працаўнікоў ужо працуюць прыблізна паўтары тысячы асобаў. Яшчэ каля сямі з паловаю тысячаў задзейнічаныя на будоўлі.

«Змянілі графік працы, раней быў 8-гадзінны рабочы дзень, цяпер 12-гадзінны. Гэта сведчыць пра тое, што нейкі аўрал. Напэўна, яны хочуць паспяшыць да нейкай даты, укласціся ў нейкія тэрміны, і гэта таксама непакоіць», – распавядае Мікалай Уласевіч, кампанія «Астравецкая атамная – гэта злачынства».

Пачаткова планавалі, што станцыя запрацуе яшчэ ў канцы мінулага года, але не ўклаліся. У Міністэрстве энергетыкі кажуць, што робіцца ўсё магчымае, каб запусціць першы энергаблок да канца гэтага года. Расейскае ядравае паліва ўжо гатовае да загрузкі. Яго плануюць сюды даставіць за месяц да запуску.

Што ж будзе пасля запуску АЭС? Танная электраэнергія? Кіраўнік краіны не мае добрых прагнозаў:

«Калі ўзяць з улікам, мы ж за расейскі крэдыт будуем, трэба вяртаць будзе. І іншых, лініяў электраперадачаў, – не танная будзе электраэнергія. Таму, хутчэй за ўсё, давядзецца датаваць. Трэба паглядзець, а з чаго мы возьмем гэтыя грошы».

Польшча і Літва адмовіліся набываць энергію з Астравецкай АЭС, а Менск намагаецца адкласці тэрміны аплаты 10-мільярднага расейскага крэдыту на пабудову станцыі.

«Усе гэтыя крэдыты і схаваныя выдаткі, гэта ніяк не 7 мільярдаў. Гэта 30 ці больш. Пры ўмове таго, што ў нас няма ніякай магчымасці дамагацца ад нашага рэгулятара, ад нашага забудоўніка для таго, каб хоць бы нейкія захады былі ўмацаваныя, каб хоць бы нейкія стандарты адпавядалі», – гаворыць Таццяна Новікава, Беларуская антыядравая кампанія.

Актывісты падкрэсліваюць: выгадней – не запускаць.

Вольга Чайчыц, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары