Чаму «зайчык» скача ўніз?


Ускосна адрэагавала на пандэмію каронавіруса ў свеце і нашая нацыянальная валюта. Беларускі «зайчык» услед за драўляным расейскім рублём аслабеў адносна долараў і еўраў. Чаму так і ці трэба бегчы ў абменнік?

Беларускі рубель рэзка здаў пазіцыі адносна асноўных валютаў. Вось як выглядалі курсы на закрыцці гандляванняў Беларускай валютна-фондавай біржы:

€ 1 – BR 2,70

$ 1 – BR 2,49

RUB 100 – BR 3,25

«Галоўны фактар, які ўплывае на курс беларускага рубля, гэта курс расейскага рубля, бо ад іх прапорцыі залежыць коштавая канкурэнтаздольнасць на расейскім рынку. А расейскі рубель залежыць ад расейскіх коштаў на нафту», – тлумачыць эканаміст Сяргей Чалы.

Кошты абваліліся ажно да мінусавых: упершыню ў гісторыі вытворцы нафты мусяць даплочваць за яе вываз – што ў Расеі, што ў Амерыцы. У выніку падае рэнтабельнасць беларускіх перапрацоўчых заводаў. А нашыя тавары, прададзеныя ў Расею, каштуюць менш, бо менш каштуе расейскі рубель. Вось што думаюць пра курс рубля жыхары і госці Менску:

«Курс долара будзе расці заўжды. Можна трымаць нейкія зберажэнні валютныя, але паніцы паддавацца не варта».

«Я не думаю, што гэта часовы эфект. Мяркую, долар і еўра будуць яшчэ вышэй. А ці варта купляць? Калі ёсць свабодныя беларускія грошы, то хіба лепш не трымаць іх у беларускіх рублях, а ў іншай валюце».

«Будзе горш і горш. У нас эканоміка, як і расейская, прывязаная да нафты».

«Трэба развіваць экспарт не толькі ў Расею, але і ў іншыя краіны, і ўсё будзе ў парадку».

Пры гэтым каронавірус адначасова падтрымлівае беларускі рубель, бо людзі купляюць толькі самае неабходнае ды не едуць за мяжу.

«Каранцін для нашага замежнага рахунку, для ціску на беларускі рубель выгодней, як ні дзіўна, чым звычайна. Бо падчас эканамічнага росту ён забіваецца тым, што спажывецкія выдаткі растуць, і павялічваецца доля на імпарт апярэджвальным шляхам», – распавядае Сяргей Чалы.

Як мяркуе эканаміст, агульны гаспадарчы спад у Расеі знізіць патрэбу ў прадукцыі беларускіх машынабудаўнічых заводаў. Разам з тым, расейцы, магчыма, будуць больш купляць беларускіх харчоў.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»