Чаму ў краіне рэзка знізіліся кошты на шэраг харчовых прадуктаў?


Рэзкае зніжэнне коштаў на шэраг харчоў адзначае Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю. Агулам жа за чэрвень інфляцыя па ўсёй краіне была адмоўнай, сцвярджае афіцыйная статыстыка. Наколькі гэта адпавядае рэчаіснасці, і што адбываецца з коштамі?

Дэфляцыя. Як паведамляе Нацыянальны статыстычны камітэт, кошты ў Беларусі знізіліся ў чэрвені на адну дзясятую адсотка. І хаця гэтая лічба падаецца нязначнай, некаторыя харчы патаннелі даволі істотна.

Кошты на капусту і гуркі абрынуліся ўдвая. Памідоры патаннелі на чвэрць. Наколькі гэта адчуваюць звычайныя спажыўцы, мы спыталіся жыхароў Менску:

«Не. Малако падаражэла, хлеб падаражэў. Я не ведаю, як яны лічаць».

«Не надта адчулі. Ёсць адчуванне, што кошты растуць у параўнанні з заробкам, прынамсі, тое, што маглі купіць раней, цяпер можам менш купіць».

«Насамрэч кошты растуць».

«Хто вам гэта сказаў? Ну, завярніце гэта назад таму, хто гэта апублікоўваў. Магу сказаць, што яны толькі падняліся, але ніяк не ўпалі».

Адмыслоўцы тлумачаць: галоўны чыннік у чэрвеньскім зніжэнні коштаў – сезонны, і пра паўнацэнную дэфляцыю казаць рана. Цяпер – сезон ураджаю, таму харчы таннеюць, але гэта не значыць, што праз некалькі месяцаў кошты застануцца нізкімі.

«Кожны год у нас назіраецца ўлетку калі не зніжэнне коштаў, то запаволенне іх росту. Ужо бывала месячная дэфляцыя ў ліпені мінулага года», – тлумачыць старэйшы аналітык «Alpari» Вадзім Іосуб.

Іншыя адмыслоўцы, аднак, адзначаюць і доўгатэрміновыя тэндэнцыі. Гэтак, цэннікі на мяса і курыныя яйкі рэгулярна перапісваюцца ў бок паніжэння – з пачатку года. Сустаршыня Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва Віктар Маргелаў у тэлефонным каментары «Белсату» увязаў гэта з перавытворчасцю на расейскім рынку і перашкодамі для беларускага экспарту з боку «Рассельгаснагляду». То бок шмат прадукцыі, прызначанай на экспарт, застаецца на ўнутраным рынку, таму яна таннее.

«Апошнія, напрыклад, два кварталы, у Расеі назіраецца практычна рэцэсія, то бок, няма ўвогуле тэмпаў росту. І аналітыкі прадказваюць, што і далей там не будзе росту», – тлумачыць праблемы беларускага харчовага экспарту прафесар эканомікі Леанід Злотнікаў.

Хаця, у прынцыпе, зніжэнне коштаў павінна радаваць спажыўца, прадпрымальніцкія саюзы бачыць у гэтым і трывожныя сімптомы. А менавіта таго, што спажывецкі попыт – другі найважнейшы рухавік беларускай эканомікі пасля будаўніцтва – пачынае выдыхацца. Прычына – паступовае запавольванне спажывецкага крэдытавання, якое, на думку Нацбанку, дасягнула ўжо небяспечных маштабаў. Без спажывецкага рухавіка далейшае запавольванне на замежных рынках можа прывесці да рэцэсіі, перасцерагаюць адмыслоўцы.

«Што датычыць замежных чыннікаў, то яны агулам для Беларусі неспрыяльныя. Чакаецца зніжэнне коштаў на асноўныя тавары нашага экспарту. Перадусім – на нафтапрадукты», – кажа Леанід Злотнікаў.

На фоне зніжэння рынкавых коштаў тыя тавары і паслугі, якія рэгулююцца дзяржавай, працягваюць даражэць. У параўнанні з мінулым годам кошты на іх павялічыліся больш чым на 8 %.

Станіслаў Івашкевіч, belsat.eu