Аб'ектыў 10.06.2017 Чаму ў эфіры расейскага каналу Святлана Алексіевіч загаварыла пра беларускіх каталікоў?


Чалавек – дастаткова недасканалая, але вельмі палітызаваная істота, а таму ў галовы людзям, якія не жывуць палітыкай, можна ўкласці што заўгодна. У часе жывога эфіру на расейскім тэлеканале «Дождь» беларуская пісьменніца Святлана Алексіевіч перасцерагла гледачоў на прыкладзе нашае краіны.

«Вайна, якую распачала Расея на Данбасе, – на сумленні Расеі. Таму што гэткую вайну можна распачаць і ў Беларусі: дайце туды танкі і зброю – і там каталікі будуць забіваць праваслаўных і каго-заўгодна», – заявіла пісьменніца.

Менавіта гэтыя словы на радзіме нобэлеўскай лаўрэаткі шмат для каго займелі эфект сапраўднага выбуху.

«Пры жаданні ў любым грамадстве, у любым соцыуме можна на голым месцы распаліць канфлікт – думка слушная, а вось прыклад, я думаю, вельмі няўдалы. Людзі жывуць у неспакойны час у неспакойнай краіне і вельмі абвострана ўспрымаюць любыя параўнанні», – мяркуе публіцыст Севярын Квяткоўскі.

З’явілася і афіцыйная рэакцыя Каталіцкага Касцёлу ў Беларусі. Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч звярнуўся да Святланы Алексіевіч з адкрытым лістом. Сярод іншага арцыбіскуп гаворыць:

«Не хацелася б, каб Вашы словы як лаўрэата Нобэлеўскай прэміі былі ўспрыняты як заклік да міжканфесійнай канфрантацыі. Наадварот, яны павінны ўносіць мір і кансалідацыю ў нашае грамадства. Спадзяюся, што ў Вашых словах не было дрэннага намеру ў адрас католікаў нашай Бацькаўшчыны. Аднак варта памятаць, што зраніць і забіць могуць не толькі танкі і зброя, але і словы. Будучы асобамі публічнымі, неабходна памятаць пра адказнасць за свае словы».

Не бачаць прычынаў для канфліктаў на рэлігійнай глебе ў нашай краіне і простыя беларусы, якіх мы апыталі на менскіх вуліцах.

Дык навошта ж было ўвогуле згадваць у расейскім тэлеэфіры менавіта беларускіх каталікоў, калі і гісторыя, і дзень сённяшні нашай краіны прасякнуты сапраўднаю рэлігійнай талеранцыяй? Нейкіх тлумачэнняў ад Святланы Алексіевіч прынамсі пакуль што няма, а таму, лічыць публіцыст Севярын Квяткоўскі, застаецца толькі здагадвацца:

«Як варыянт, для расейскай публікі больш зразумелыя каталікі як вобраз нейкіх ворагаў. Таму што ў расейскай традыцыі, культурнай і палітычнай, не адно стагоддзе культывуецца вобраз ворагаў-каталікоў, каталікі як ворагі».

Вось толькі Беларусь – гэта не Расея. І памятаць пра гэта варта ўсім, у тым ліку – нобэлеўскім лаўрэатам.

Глядзіце таксама:

Глядзі таксама
Каментары