Чаму ў Беларусі дагэтуль адзначаюць гадавіну стварэння Чырвонай арміі?


Калісьці – Дзень Савецкай арміі, сёння – Дзень абаронцаў Айчыны. Свята, якое адзначаюць усяго 4 краіны ў свеце, у тым ліку і Беларусь. Аднак святкуюць не ўсе жыхары краіны. Частка беларусаў лічыць сапраўдным святам Дзень воінскай славы 8 верасня, а савецкія традыцыі – ганьбай беларускага войска.

Роўна сто гадоў таму паўстала Чырвоная армія. А праз некалькі гадоў – і свята ў гонар яе стварэння, названае Днём Савецкай Арміі. Прынамсі гэтак сцвярджае легенда, з якой не пагаджаюцца сучасныя гісторыкі.

«Гэта было чыста валявое рашэнне, палітычнае. Яны прыдумалі, нібыта былі баі за Петраград. Потым аказалася, што гэтых баёў там не было. Гэта фактычна чарговая бальшавіцкая прапагандысцкая прыдумка», – кажа гісторык Алесь Краўцэвіч.

Пасля развалу Савецкага Саюзу, большасць былых рэспублік гэтага свята не адзначае. Дзень абаронцаў Айчыны святкуюць толькі ў Расеі, Таджыкістане, Кыргызстане, а таксама ў Беларусі. Са 100-годдзем Узброеныя сілы Беларусі павіншаваў Аляксандр Лукашэнка. Хоць рэальная дата іх стварэння – 20-га сакавіка 92-га года.

«Гэтае свята карыстаецца ўсенароднай павагай, бо ў ім перагукваюцца вялікія подзвігі мінулых пакаленняў і герояў нашых дзён», – заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Сярод гэтак званых подзвігаў – забойства соцень тысяч беларусаў. Да гэтай пары не вядома, колькі дакладна асобаў сталі ахвярамі савецкіх рэпрэсіяў. Зрэшты, стаўленне да савецкай спадчыны, як і да Дня абаронцаў Айчыны, у беларускім грамадстве неадназначнае.

Жыхары Магілёва кажуць:

«Традыцыі забываць не трэба. Мы Саюзная дзяржава, і яшчэ шмат жыхароў, якія ў Савецкім саюзе жылі, таму я лічу, што гэта правільна».

«Вы ведаеце, калі перамагло беларускае войска? Пад Воршай».

«Я не падзяляю савецкае войска і беларускае войска. Мне падаецца, мы славяне адзін народ». 6 27 «Трэба перагледзець гэты дзень. Усё-ткі, калі нашыя беларускія воіны перамаглі рускіх у 1600 годзе, здаецца, так?»

А дакладней 8-га верасня 1514 года, нагадвае гісторык Алесь Краўцэвіч. Калі адбылася бітва паміж ВКЛ і Маскоўскай дзяржавай пад Воршай.

«Дзень беларускай вайсковай славы, які мае сваю традыцыю з пачатку 90-х гадоў, які святкуецца, які разышоўся па ўсім свеце, як інфармацыйная нагода, калі гэтыя ўлады пераворвалі гэтае поле, калі не пускалі на гэтае поле святкаваць», – кажа Алесь Краўцэвіч.

Сёлетні Дзень абаронцаў Айчыны адбываецца ў ценю скандалаў. У кастрычніку жаўнера Аляксандра Коржыча знайшлі павешаным у вайсковай частцы ў Печах. Пасля гэтага сталі з’яўляцца звесткі пра масавую дзедаўшчыну ў беларускім войску – яшчэ адну традыцыю з часоў савецкай арміі.

Вольга Жарнасек, «Белсат»