Чаму ў Барысаве руды снег. Расследаванне «Белсату»


З гэткаю незвычайнаю з’явай сутыкнуліся жыхары часткі Барысава, якая месціцца каля дрэваапрацоўчага прадпрыемства «Барысаўдрэў». «Белсат» паспрабаваў высветліць, ад чаго снег «афарбаваўся».

Жыхароў вуліцы 30 гадоў УЛКСМ, што ў Барысаве, у ноч з суботы на нядзелю накрыла рудым снегам! Як выявілася, прычынаю гэтай нетыповай з’явы стаўся выкід драўнянай сыравіны, з якога суседні «Барысаўдрэў» вырабляе пліты МДФ.

«У ноч з 10 на 11 лютага падчас размолвання тэхналагічнай трэскі ды атрымання драўняна-кудзелістай масы ў цэху МДФ спрацаваў засцерагальны клапан, што фільтруе прыладу ад залішняга ціску. Такі выкід адбыўся ўпершыню за чатыры гады пасля мадэрнізацыі», – заявіла Алена Смірнова з Барысаўскай інспекцыі аховы навакольнага ассяроддзя ў размове з «Еўрарадыё».

Абсалютная большасць мясцовых жыхароў, да якіх мы падыходзілі па каментар, размаўляць з журналістамі адмаўляюцца – у гэтым раёне шмат хто працуе на прадпрыемстве. Сказаць тое, што бачылі на ўласныя вочы, пагаджаюцца выключна без камеры:

«Усё навокал было жоўтае – нібыта дзьмухаўцы расцвялі. Усе дахі былі жоўтыя-жоўтыя! Усё было залеплена жоўтай ці то ватаю, ці то стружкаю. Вось нечым такім».

Дакучае жыхарам і бесперапынны дым, які даносіцца з заводу.

«Топяць, вось печку прыдумалі, і з гэтай печкі ўсякія адкіды. Топяць апілкамі, а апілкі гэтыя лятуць на падаконнікі – трэба вокны драіць. Ноччу спіш – і часам цяжка дыхаць», – кажа жыхар Барысава Міхаіл Шапачкін.

Між тым на прадпрыемстве пераконваюць, што «людзі могуць спаць спакойна». Маўляў, ніякіх пазаштатных сітуацыяў на заводзе не адбывалася. Нягледзячы на гэта, як перадае Еўрарадыё, «Барысаўдрэў» усё ж будзе пакараны – паводле артыкулу 15-га Адміністратыўнага кодэксу – за парушэнне тэхнічных прававых актаў, датычных да аховы навакольнага асяродку. Прадпрыемству пагражае ажно да 500 базавых велічыняў штрафу. Але ж чаму інфармацыю аб такіх выпадках утойваюць ад людзей?

«Наш горад у гэтым плане дзіўны. Не раз былі выпадкі, калі ідэолагі райвыканкаму забаранялі даваць тую ці іншую інфармацыю», – кажа галоўны рэдактар «Барысаўскіх навінаў» Анатоль Букас.

Анатоль Букас кажа, што людзі не хочуць лішні раз называць свайго прозвішча, каб потым гэткая шчодрасць напраўду не адгукнулася іхным дзецям ці ўнукам. Застаецца толькі гадаць, што ж больш небяспечнае для барысаўцаў: выкіды з мадэрнізаванага заводу ці каментар пра гэта медыям.

Сцяпан Святлоў