Аб'ектыў 19.09.2019 Чаму траціна былых зняволеных ізноў трапляе за краты?


Больш за траціну асуджаных у Беларусі пасля вызвалення ізноў трапляюць за краты. Пра гэта паведамілі праваабаронцы кампаніі «Вярнуць чалавека». З якімі праблемамі сутыкаюцца людзі пасля выхаду з турмаў, ды што неабходна для іх сацыялізацыі?

Алег Міхей 6 гадоў таму выйшаў з месца пазбаўлення волі. І адразу сутыкнуўся з фінансавымі праблемамі ды цяжкасцю атрымання сацыяльнай дапамогі.

«Гэтую дапамогу я атрымліваў два месяцы. Грашовую, але я ўжо атрымліваў дзеля прынцыпу гэтую дапамогу. А яна патрэбная ў першыя дні: чалавек вызваліўся – зубоў няма, здароўя няма, грошай няма, вопраткі няма», – кажа былы асуджаны Алег Міхей.

Цяпер спадар Алег дапамагае такім жа, як калісьці быў ён. Ва ўстанову «ТаймАкт» штомесяц прыходзіць чатыры дзясяткі лістоў ад асуджаных ды іхных сваякоў. Алег кансультуе іх. Паводле статыстыкі, у месцах пазбаўлення волі ў Беларусі цяпер застаюцца больш за 30 тысячаў чалавек. А больш за траціну з тых, хто вызваляецца, зноў трапляюць на лаву падсудных.

«Органы выканаўчай інспекцыі, крымінальнай выканаўчай інспекцыі ствараюць такія ўмовы, такія межы, каб чалавек ізноў вяртаўся ў месцы пазбаўлення волі. Асабіста праз гэта прайшоў я сам, і цяпер шмат якія асуджаныя праходзяць гэты шлях», – кажа былы асуджаны Станіслаў Цыбінскі.

Сярод праблемаў – адсутнасць грошай, складанасці ў пошуку працы ды жытла, часта слабое здароўе. Аб праблемах рэсацыялізацыі сёння размаўлялі праваабаронцы падчас круглага стала ў межах грамадскай кампаніі «Вярнуць чалавека». Паводле экспертаў, пенітэнцыярную сістэму ў краіне варта рэфармаваць.

«Мы павінныя казаць пра гуманізацыю, гуманнае стаўленне да чалавека. Так, ён абмежаваны ў волі, але іншых абмежаванняў не павінна быць. Не павінна быць абмежаванняў у доступе да медычнай дапамогі, да псіхалагічнай дапамогі і г. д.», – кажа Васіль Завадскі, кіраўнік установы «ТаймАкт».

Частка рэсацыялізацыі – таксама працаўладкаванне былых асуджаных. А гэта мае станоўчы эканамічны эфект. Гэтак вынікае з даследавання цэнтру сацыяльных і эканамічных даследаванняў «CASE Belarus». Два гады ўстанова даследавала эканамічную эфектыўнасць на прыкладзе праваслаўнага прыходу ў вёсцы Чонкі Гомельскага раёну. Паводле даследавання, праграма рэсацыялізацыі былых асуджаных акупляецца менш як за два гады. А адзін укладзены рубель дае больш за 14 рублёў прыбытку для эканомікі.

Тым часам выдаткі на органы крымінальна-выканаўчай сістэмы сёлета склалі больш за 200 мільёнаў рублёў, гэта прыблізна 1 адсотак ад рэспубліканскага бюджэту.

Наста Кахановіч belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары