Чаму Трамп супраць менскіх перамоваў аб Украіне?


Сустрэчы Нармандскай чацвёркі і яе прадстаўнікоў, рэгулярныя з’езды трохбаковай кантактавай групы – Менская перамоўная пляцоўка стала вялізарным дыпламатычным і іміджавым поспехам беларускіх уладаў. Пра што кіраўнік Беларусі нагадвае пры кожнай магчымай нагодзе.

Магчыма таму на прапанову Трампа і Назарбаева, якія меліся прыйсці да гэтага на паседжанні Рады Бяспекі ААН, беларуская дыпламатыя адказвае ледзь ня здзекліва.

«У адрозненне ад іншых, Беларусь за лаўрамі міратворца не гоніцца. Але гэты канфлікт у нашай сям’і, у нашым рэгіёне, і мы кроўна зацікаўленыя ў ягоным развязанні. Мы не ўдзельнічаем у перамовах, але прэзідэнт Беларусі неаднаразова прапаноўваў розныя варыянты ўрэгулявання гэтага крызісу, у тым ліку і гатовасць забяспечыць кантроль беларускімі міратворцамі ўкраінска-расейскай мяжы», – зазначыў Уладзімір Макей, міністр замежных справаў Беларусі.

Трамп з Назарбаевым таксама прапануюць увесці сілы міжнародных міратворцаў

У лістападзе з падобнай прапановай сапраўды выступаў афіцыйны Менск. Энтузіязму яна не выклікала ні ў Кіеве, ні ў сепаратысцкіх рэспубліках. Але і амерыканска-казахская ідэя выглядае прынамсі дзіўна, мяркуюць адмыслоўцы.

«Рашэнне праводзіць перамовы ў Менску былі прынятыя пасля кансультацыяў паміж Парашэнкам і Лукашэнкам, з чым пасля пагадзіліся Нямеччына і Францыя. Я нагадаю, што ні ЗША, ні Казахстан, ня ёсць удзельнікамі менскага перамоўнага працэсу», – тлумачыць палітычны аглядальнік Арсэн Сівіцкі.

Іншая справа – наколькі паспяховыя гэтыя перамовы

Бязконцыя зʼезды ў сталічным «Прэзідэнт-Гатэлі» і сустрэчы ў Палацы Незалежнасці не прыпынілі вайны, не прымусілі баевікоў скласці зброю і не аднавілі кантроль Кіева над уласнай мяжою. Іншая справа, што актыўныя баявыя дзеянні прыпыненыя, а гэта – ці не галоўнае для Украіны.

«Што ўдалося дасягнуць – гэта падтрымліваць дыялог, прыцягнуць хоць нейкую дзяржаву, якую прынамсі ўмоўна можна лічыць пасярэднікам – для нас, як для слабейшага боку гэта вельмі істотна. І абмен закладнікамі – працэс, які вельмі істотны на перспектыву», – падкрэслівае палітолаг з Кіева Мікалай Капіталенка.

Калі б у перамовах удзельнічалі ЗША, то Казахстан ім пасуе з-за геаграфічнага палажэння – побач з прыярытэтнай сфераю інтарэсаў Вашынгтону – Блізкім Усходам. Але гэта таксама дрэнная навіна для Кіева

«Тое, што Трамп прапануе перанесці правядзенне перамоваў, пэўна сведчыць пра тое, што інтарэс да Украіны ў пэўнай ступені падае», – дадае спадар Капіталенка.

Астане такая супраца цікавая з эканамічнага пункту гледзішча

«Некалькі месяцаў таму былі замарожаныя некаторыя актывы Казахстану ў амерыканскіх банках. І тое звязана з тым, што такі малдаўскі алігарх Стаці судзіцца з урадам Казахстану за тое, што тыя ў свой час адабралі ў яго нафтагазавыя актывы і зараз там каля $ 40 млрд», – распавядае Арсэн Сівіцкі.

У справе такой вагі Астане сапраўды куды выгадней быць стратэгічным партнёрам Вашынгтону, мяркуе адмысловец. Праўда, на сёння ў іхнай прапанове ня бачаць сэнсу ня толькі ў Менску, але і ў Маскве і нават у сепаратысцкіх рэспубліках. Кіеў жа цягам дня ўстрымліваўся ад афіцыйных каментароў.

Усевалад Шлыкаў, «Белсат», фота: Kevin Lamarque / Reuters / Forum