Чаму Расея забараніла беларускае марозіва?


У складзе марозіва кампаніі «Марозпрадукт» «Рассельгаснагляд» выявіў рэшткі антыбіётыка лінкаміцыну, ды з сённяшняга дня забараніў імпарт усёй прадукцыі прадпрыемства ў Расею.

Акрамя гэтага расейская фітасанітарная служба бярэ пад пільную ўвагу прадукцыю яшчэ шасці айчынных вытворцаў мясных і малочных прадуктаў. Харчовыя войны Беларусі і Расеі цягнуцца ўжо не першы год, а Беларусь не можа адказваць Маскве сіметрычнымі захадамі.

Пад ударам уся беларуская прадукцыя

На гэты момант пастаўкі 19 айчынных прадпрыемстваў малочнай прамысловасці ў той, ці іншай ступені – абмежаваныя. «Рассельгаснагляд» знайшоў парушэнні ў кобрынскім, маладзечанскі, наваградскім, пружанскім, магілёўскім, ашмянскім і слуцкім малацэ. Рэгулярна разварочваюць на мяжы і мясныя прадукты. Іншыя – гэтак званыя санкцыйныя тавары – знішчаюць. Гэтак, толькі смаленская мытня сёлета знішчыла амаль тысячу тон яблыкаў, капусты і шампіньёнаў.

Эканаміст Леў Марголін мяркуе, што справа не ў якасці харчоў.

Гэткім чынам Масква або бароніць уласных вытворцаў, або – у час палітычнага напружання – цісне на Менск эканамічным шляхам.

«Калі расейскія ўлады вымушаныя ісці на такія захады, як Рассельгаснагляд, то відавочна прадукцыя карыстаецца папулярнасцю, бо інакш працавалі б рынкавыя механізмы – дрэнныя прадукты ніхто не купляе», – падкрэслівае спадар Марголін.

Праўда, нельга сказаць, што расейская фітасанітарная варта звяртае ўвагу толькі на антыбіётыкі ў беларускім малацэ. Гэтак, сёння адмыслоўцы Федэральнага даследчага цэнтру харчавання знайшлі ДНК чалавека ў каўбасе падмаскоўнай кампаніі «Мортадэль».

Усевалад Шлыкаў, «Белсат», фота: Аляксандр Васюковіч / TUT.BY