Дэпартаваны з Беларусі ўкраінскі журналіст: «Сказалі, што надзенуць на мяне кайданкі ды адвязуць у міліцыю пад прымусам»


Журналіст грамадскага тэлебачання Данбасу Віталь Сізоў прыбыў у Беларусь для асвятлення працы трохбаковай групы для ўрэгуляванні канфлікту ва Украіне. Адмысловую акрэдытацыю ён атрымаў у Міністэрстве замежных справаў нашай краіны. Здзіўленню ўкраінскага госця не было межаў, калі ўначы ў дзверы ягонага нумару ў гатэлі пагрукалі міліцыянты.

«Яны сказалі, што надзенуць на мяне кайданкі да адвязуць у міліцыю пад прымусам. Яны ўзялі мяне за рукі. Я не скажу, што гэта было брутальнае затрыманне, але яны мяне паставілі перад фактам: або вы ідзяце з намі, або вас фізічна даставім», – дзеліцца ўражаннямі журналіст.

Віталя Сізова адвезлі ў РУУС Цэнтральнага раёну Менску

Там яго пратрымалі амаль усю ноч. Ад міліцыі журналіст даведаўся, што фігуруе ў нейкіх чорных спісах, паводле якіх яму забаронены ўезд на тэрыторыю Расеі да 2021 года. У звязку з гэтым журналіст мусіць цягам 2 гадзінаў пакінуць тэрыторыю і суседняй Беларусі.

Адкуль такая рэакцыя?

Можна зразумець, пазнаёміўшыся з матэрыяламі Грамадскага тэлебачання Данбасу, якое лічыць сябе незалежным. «Асцярожна! Гэтак працуе расейская прапаганда» – гэта адная з назваў відэапублікацыяў.

Зрэшты, гэткая сітуацыя не першая

Летась у красавіку на беларускай мяжы затрымалі і абшукалі здымачную групу з Украіны, у якой быў журналіст Яўгеній Плінскі. Прычынаю, імаверна, быў рэпартаж пра тое, як Беларусь зарабляе на вайне з Украінаю. А ў снежні, на просьбу Расеі, у Беларусь не пусцілі аднаго з лідараў нацыянальнага руху Украіны Сяргея Замілюхіна.

Адначасова ў Расеі пад пераслед трапляюць і беларусы

Летась у верасні фатограф Аляксандр Васюковіч адкрыў у Маскве выставу, прысвечаную рэаліям вайны на Данбасе. Цяпер яго выклікаюць у Следчы камітэт Расеі. У матэрыялах фотамастака шукаюць антырасейскую прапаганду.

«Сёння я атрымаў на электронную пошту позву са Следчага камітэту. Мне прапануюць даць тлумачэнні, бо адзін з дэпутатаў напісаў скаргу, што ў маіх здымках прапаганда «Правага сектару», – тлумачыць спадар Васюковіч.

«Няма каму даць па руках гэтым імперыялістычным памкненням»

Адметна, што выстава была знішчаная прыхільнікамі прарасейскіх сепаратыстаў на Данбасе

«Гэта ўласціва расейцам. Яны думаюць, што яны гаспадары постсавецкай прасторы. За такія дзеянні варта даваць па руках. Аднак пакуль Украіна ўцягнутая ў вайну, Малдова да Грузія таксама маюць праблемы, Беларусь шмат гадоў рабіла выгляд, што яна хаўрусніца Расеі. Няма каму даць па руках гэтым імперыялістычным памкненням», – цвердзіць метадолаг Уладзімір Мацкевіч.

Апошнія падзеі могуць значна сапсаваць імідж Беларусі ў якасці міратворцы ва ўкраінскім канфлікце. А між іншага гэты статус і даваў уладам Менску надзею на значнае паляпшэнне дачыненняў з Захадам.

Ян Бабіцкі, «Белсат», фота: Vasily Fedosenko / Reuters / Forum