Чаму расейцы могуць застацца без беларускіх сыроў?


Пасля адмовы на ўезд і вяртання назад у Беларусь 40-ка тонаў сыра, вырабленага па дакументах на фабрыцы «Мсціслаўмалако», а па этыкетках на магілёўскім заводзе «Бабуліна крынка», расейскія чыноўнікі адрапартавалі аб цытата «працягу махлярскіх схемаў з пастаўкамі беларускай прадукцыі ў Расею».

Кіраўнік «Мсціслаўмалака» ад размовы з прэсай адмовіўся

Аднак у магілёўскай «Бубулінай крынцы» адзначылі, што мсціслаўскі завод уваходзіць у іхны холдынг, а таму мае права карыстацца іх лагатыпам. На думку магілёўцаў чыноўнікі Рассельгаснагляду маглі проста не разабрацца з інфармацыяй на этыкетках. Кантрабанды не было, кажа беларускі бок. І статыстыка пацвярджае, – 80% нелегальнае прадукцыі з Беларусі ідзе праз расейскія фірмы.

Цягам 2017 года Рассельгаснагляд па розных прычынах ужо двойчы забараняў увоз прадукцыі з «Бабулінай крынкі» і двойчы адмяняў гэткае рашэнне. У гэты ж час расейскія вытворцы малочкі самі не раз апыналіся ў цэнтры скандалаў. То выявіцца перавышэнне канцэнтрацыі антыбіётыкаў, то кішэчную палачку знойдуць. Але да сваіх, расейскіх прадпрыемстваў, падыход іншы – вынікі праверкі давялі да вытворцаў і ветліва папрасілі выправіць парушэнні.

У выніку паўстання Саюзнае дзяржавы ды Мытнага саюзу пытанне свабоднага перамяшчэння тавараў паміж удзельнікамі інтэграцыі так і не было вырашанае. Еўразійская ж эканамічная камісія, якая павінна была займацца спрэчнымі пытаннямі аказалася чарговым «паперкавым» ведамствам, такім жа ў двукоссі «эфектыўным» як і Мытны саюз і Саюзная дзяржава.

Ігар Кулей, «Белсат», фота: Krasilnikov Stanislav Credit / ITAR-TASS / Forum