Чаму Пуцін і Лукашэнка не каментуюць сочынскія перамовы?

Пуцін і Лукашэнка не выйшлі да журналістаў пасля інтэграцыйных перамоваў у Сочы, а каментаванне вынікаў пераклалі на чыноўнікаў і дыпламатаў.

Сёння – на наступны дзень пасля 20-годдзя дамовы аб Саюзнай дзяржаве – бакі працягваюць абмеркаванне ўзаемных даўгоў.

«Расея не саступіць Беларусі і змусіць выконваць дарожныя мапы, паступова даводзячы да іх падпісання», – лічыць палітолаг Аляксандр Класкоўскі.

Кубак Саюзнай дзяржавы па самба ў Сочы. Другі год запар Аляксандр Лукашэнка ігнараваў запрашэнне Уладзіміра Пуціна наведаць турнір.

Глядзіце сюжэт у выданні «Аб’ектыву»:

«Адсутнасць якога кольвек каментара азначае поўны правал перамоваў беларускім бокам. Лукашэнка ехаў не за паразаю», – каментуе Дзмітрый Балкунец, палітолаг, Масква.

Прыз па самба 7 снежня забраў беларус, а вынікі палітычнага спаборніцтва дагэтуль «судзяць» эксперты ў пытаннях інтэграцыі. Паводле афіцыйных паведамленняў, бакі адно прасунуліся ў спрэчных пытаннях, як зняцце Расеяй абмежаванняў на экспартаваныя нашай краінаю харчы. Кіраўнік Крамля пагадзіўся, цвердзіць амбасадар Беларусі ў Расеі Уладзімір Сямашка:

«Прэрагатыва або права зачыняць пастаўкі, да прыкладу, з мясакамбінатаў, малаказаводаў, мусіць належаць галоўнаму ветэрынарнаму лекару Беларусі: ён павінен разбіраць, што ў парадку ці не. І калі ўсё ж паўстануць нейкія спрэчныя пытанні, то яны павінныя выносіцца наверх, напрыклад, на агульную калегію Мінсельгасхарчу Беларусі і Мінсельгасу Расеі».

Гэтую дамоўленасць бакі маюць дакументальна замацаваць да чарговай сустрэчы Пуціна і Лукашэнкі – 20 снежня ў Санкт-Пецярбурзе. Раней Сямашка ўзгадваў, што знайшлі і шлях кампенсавання Менску стратаў ад падатковага манеўру Расеі, але толькі ў далёкім 2022 годзе.

Ёсць і бясспрэчныя даўгі. Расейскія прадпрыемствы маюць вярнуць Беларусі $ 2,115 млрд. Генеральны пракурор Беларусі Аляксандр Канюк тлумачыць:

«Генеральная пракуратура займаецца пытаннямі пратэрмінаванай дэбіторскай запазычанасці ўжо напрацягу 5 гадоў. Заяўлена больш за 400 позваў на суму больш чымся $ 130 млн кожная».

Найбольш сур’ёзная запазычанасць застаецца перад прадпрыемствамі Мінпраму і канцэрну «Белнафтахім». І нарэшце, няма дамоваў па коштах на нафту і газ, бо Аляксандр Лукашэнка выгандлёўвае зніжкі ўзамен на падпісанне інтэграцыйных дамоваў. Палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі лічыць:

«Масква будзе адломваць ад перніка па кавалку, каб змусіць выконваць гэтыя дарожныя карты. І ў галаве ў Масквы пасля інтэграцыі эканамічнай інтэграцыя палітычная. Расейскія аналітыкі гэтага асабліва не ўтойваюць. Таму гэта такая пастка, гэта вузкі тунэль, у які хочуць загнаць Беларусь. Лукашэнка гэта адчувае і ўсяляк супраціўляецца».

Хоць у апошнім выступе перад дэпутатамі Палаты Прадстаўнікоў кіраўнік краіны ўсяляк пераконвае ды супакойвае беларусаў:

«Беларуска-расейскае добрасуседства праверанае часам. Мы будзем прымаць канчатковае рашэнне ўдваіх (з Пуціным, рэд.) згодна з іхнаю і нашаю Канстытуцыямі».

Гэтае рашэнне можа быць датаванае ўжо наступным годам. У стратэгічных галінах, як падатковая, пераход да адзінага заканадаўства прынясе чарговыя страты. Аляксандр Класкоўскі, палітычны аглядальнік:

«Масква новую стратэгію цяпер ужывае ў дачыненні да Беларусі. Яны ўбачылі, што на пачатку стагоддзя Лукашэнка атрымаў танныя энергарэсурсы і не стаў уводзіць адзіную валюту і выконваць іншыя нязручныя пункты Саюзнай дамовы. Цяпер яго хочуць даціснуць, трымаючы на такім галодным пайку. Таму ніякіх цудаў не будзе».

Пытанне рубам можа ставіць і Лукашэнка, хоць рэсурс айчыннай эканомікі, залежнай ад расейскіх субсідыяў і энерганосьбітаў, не надта вялікі.

«Эканамічнае развіццё нашай краіны буксуе на месцы і нейкіх якасных перспектываў я не бачу».

«Прыемна кіраваць, калі народ паслухмяны і ніхто не лезе нікуды».

«Думаю, нам трэба працягваць спадзявацца на лепшае і працягваць выступаць супраць гэтага ўсяго», – гавораць жыхары Менску.

Супраць інтэграцыі з Расеяй 7 і 8 снежня ў Менску пратэставалі тысячы прыхільнікаў незалежнасці. Нязгодных не разганялі і не затрымлівалі, хоць не абышлося без правакацыяў з боку сілавікоў.

Юлія Цяльпук belsat.eu

Фота: Viktor Drachev / TASS / Forum

Глядзі таксама