Чаму павелічэнне коштаў на паліва – гэта абгрунтаванае рашэнне?


«Белнафтахім» працягне павышаць цэны на бензін у наступным годзе. Пра гэта заявіў намеснік старшыні канцэрну Уладзімір Сізаў. Сёлета кошт паліва павышаўся 24 разы, амаль заўсёды – на адну капейку. Ці сапраўды ёсць абгрунтаванне для наступных падаражэнняў, калі сусветная цана на нафту зноў рэзка ўпала?

Штотыднёвы скачок кошту на бензін стаў для беларусаў ужо звычайнай справай. Зазначаюць магілёўскія кіроўцы:

«Заробкі не даражэюць, а ўсё даражэе».

«Штотыдзень даражэе! То капейка, то яшчэ капейка».

Тэндэнцыя працягнецца і налета. Раней «Белнафтахім» тлумачыў – павышэнне абумоўленае неабходнасцю кампенсаваць выдаткі нафтаперапрацоўчых заводаў на закуп сыравіны. Яраслаў Раманчук, эканаміст, прэзідэнт Навукова-даследчага цэнтру бізнесу:

«У Беларусі ёсць манаполія «Белнафтапрадуктаў» і ўраду. Таму тое, што адбываецца, – гэта не сведчанне таго, ці адлюстраванне таго, ці патаннее нафта, ці патаннее газ. Гэта тое, што да сябе ў галаву ўзяла манаполія».

Між тым, за апошнія два месяцы сусветны кошт нафты паспеў абваліцца ніжэй за ўзровень пачатку 2018-га года. Станіслаў Івашкевіч, эканамічны аглядальнік «Белсату», тлумачыць:

«Тое, што нафта была даражэйшая ўтрая, а цяпер толькі ўдвая, чым была паўтара года таму, а паліва ў нас усё ж не ўдвая даражэйшае, чым паўтара года таму».

А таму павелічэнне коштаў усё ж было абгрунтаванае. Адмысловец дадае: Беларусь мае нафтавыя субсідыі з Расеі, якія б маглі паслужыць больш стабільным коштам на запраўках. Але гэтыя сродкі выдаткоўваюць на падтрыманне стратных прадпрыемстваў. У першым паўгоддзі працавалі ў мінус і беларускія НПЗ. Станіслаў Івашкевіч, эканамічны аглядальнік «Белсату»:

«Аднак у другім паўгоддзі сітуацыя адваротная, яны ўжо працуюць прыбыткова. Цяпер нафта падае, кошт паліва ў Беларусі павышаецца, у свеце падае нашмат павольней, чым кошт нафты, таму цяпер акурат у іх прыбыткі добрыя».

Але ў «Белнафтахіму» ёсць і іншы вядомы аргумент для павышэння коштаў: параўнальна танны бензін.

Кошты на паліва ў Беларусі (BR, стан на 28.11.2018):

АІ-92 1,42

АІ-95 1,52

АІ-98 1,73

ДЫЗЕЛЬ 1,52

Сапраўды, за выключэннем Расеі, паліва ў Беларусі дагэтуль найтаннейшае ў Еўропе. У суседняй Польшчы літр 95-га бензіну каштуе крыху больш за 5 злотых, у пераліку на беларускія – 2 рублі 85 капеек.

Іншая рэч, што за свой сярэдні чысты заробак палякі могуць сабе дазволіць набыць каля шасцісот пяцідзесяці літраў паліва ў месяц, а беларусы, калі кіравацца статыстыкай ад «Белстату», – на 85 літраў менш. У Заходняй Еўропе кошты яшчэ вышэйшыя, напрыклад, у Францыі – € 1,60 за літр, дзе з прычыны планаванага павышэння акцызаў на паліва выбухнулі пратэсты з беспарадкамі. Жыхары Францыі ўвогуле на свой сярэдні заробак могуць прыдбаць тысячу чатырыста літраў. Магілёўскія кіроўцы кажуць:

«Народ выходзіць на пратэст, калі ён сапраўды галадае. Пакуль ёсць што паесці, будзем сядзець і есці».

«Што зменіцца? Нервы патрэплеш, і не больш за тое».

Апошні ж масавы пратэст супраць павышэння коштаў на бензін у Беларусі адбыўся сем гадоў таму.

Вітаўт Сіўчык, belsat.eu

Фота: Christoph Papsch / FORUM