Чаму палескія гарады стаяць на каранціне па шаленстве?

Перамяшчэнне жывёлінаў забароненае, як і забаўляльныя імпрэзы з іх удзелам. Замест гэтага – вакцынацыя ды інфармаванне людзей пра вірус шаленства – небяспечную, а калі не прыняць своечасова захады, то і смяротную хваробу. Адразу ў некалькіх раёнах Беларусі трывае двухмесячны каранцін. Што адбываецца?

Шалёная ліса забегла ў двор жыхаркі Чачэрску Таццяны 1 студзеня.

«Яна заскочыла сюды і ганялася за курамі ў нас, курыцу адну задавіла. І яны счапіліся з сабакам. Муж з гэтым, з сякеркай, папросту кінуў у яе. Яны счапіліся менавіта тут», – распавяла пра выпадак Таццяна, мясцовая жыхарка.

Глядзіце сюжэт у выданні «Аб’ектыву»:

Летась у Чачэрску зафіксавалі 10 выпадкаў шаленства. Цяпер з 15 студзеня ў горадзе абвешчаны каранцін. 2 месяцы ў Чачэрску будуць праводзіць мерапрыемствы супраць хваробы.

«Пры каранцінных мерапрыемствах забаронена перамяшчэнне катоў, сабак ды іншых заражаных жывёлінаў у зону каранціну. Забароненае правядзенне ў зоне каранціну нейкіх выставаў, кірмашоў, якія датычаць менавіта катоў, сабак і драпежных жывёлінаў. Супрацьэпізаатычныя мерапрыемствы ўключаюць у сябе недапушчэнне распаўсюду інфекцыі на іншыя тэрыторыі, вакцынацыю жывёлінаў, апавяшчэнне людзей пра вірус шаленства праз медыі», – распавяла ветэрынарка Юлія Злосціна.

Лекары папярэджваюць: паўсюль, дзе пачынаецца распаўсюд шаленства сярод жывёлінаў, рызыку захварэць маюць і людзі. Хвароба можа перадацца чалавеку праз укусы, драпіны, аслюненне скуры, вачэй, рота і носа. Як жа рэагуюць жыхары Чачэрску на з’яўленне шалёных жывёлінаў?

«Чаго іх баяцца? Яны, я думаю, сюды больш не прыйдуць. Гэта адна такая забілася. Калі б лес побач быў у нас, то так. А ў нас лесу няма».

«Баішся – не баішся, а ездзіць даводзіцца».

«Я б адразу збегла. Бо я такая баязліўка».

«Калі мяне будзе кусаць шалёная, то, я думаю, я не абаранюся. Я ўжо не пабягу: ногі баляць».

На дзень раней за Чачэрск каранцін абвесцілі і ў Пінску. За апошнія месяцы ў сталіцы Палесся зарэгістравалі 4 выпадкі захворвання шаленствам: хваробу выявілі ў янота, лісы і двух сабак. У Пінску каранцін працягнецца таксама два месяцы.

Дзіяна Раткевіч belsat.eu

Фота: Marcin Bielecki / Forum

Глядзі таксама