Чаму народ не верыць міліцыі?


Грамата за ўмацаванне правоў і свабодаў грамадзянаў. Як з іроніяй адзначаюць назіральнікі, сёння Нацыянальны сход краіны залічыў міністра ўнутраных справаў Ігара Шуневіча ў лік праваабаронцаў.

«Гэта плявок у твар, гэта сігнал усяму народу: вы утрэціся, а мы будзем вас біць, лупасіць і цягаць па асфальце», – кажа палітык Павал Севярынец.

Апроч граматы, Шуневіча чакалі і цяжкія пытанні

Як спалучыць апошняе жорсткае збіццё маладзёна ягонымі падначаленымі ў метро з тою ж дзейнасцю дзеля ўмацавання правоў грамадзянаў? Зрэшты, сенсацыйных дэкларацыяў журналісты так і не дачакаліся.

«Дзеянні супрацоўніка былі законныя і паслядоўныя. Ён выканаў задачу, якая тады стаяла – затрымаць гэтага грамадзяніна», – адрапартаваў Ігар Шуневіч.

Алкаголік, наркаман ці ахвяра міліцэйскага свавольства?

Інцыдэнт у менскім метрапалітэне выклікаў шырокі рэзананс у грамадстве. Нават калі дапусціць, што праваахоўнікі маглі мець прэтэнзіі да маладзёна, то кроў на падлозе, паводле сапраўдных праваабаронцаў, гэта ўжо відавочны перабор.

«Увогуле незразумела што там адбывалася. Гэта не затрыманне, гэта звычайны здзек, катаванне, нялюдскае стаўленне. Вельмі дзіўна, што міністр унутраных справаў ацэньвае паводзіны сваіх падначаленых як адэкватныя», – мяркуе праваабаронца Андрэй Бандарэнка.

Інфармацыйная вайна супраць міліцыі?

Калі б не ўвага неабыякавых людзей і не публікацыі ў незалежных медыях, пра факт збіцця пэўна ніхто б і не ведаў. Зрэшты, Шуневіч сёння не хаваў прэтэнзіяў да недзяржаўных крыніцаў інфармацыі. Маўляў, на яе старонках адбываецца інфармацыйная вайна супраць міліцыі. У самім МУС, паводле яго, пануе галоснасць. А ведамства самое ахвотна і хутка выяўляе ды агалошвае выпадкі злоўжыванняў сярод сваіх працаўнікоў.

Жорсткае збіццё міліцыяй маладзёнаў Аляксандра Зехава і Сяргея Каляды ў Берасці. Таямнічая смерць пасля фізічнага гвалту ў пастарунку ў тым жа горадзе 32-гадовага Андрэя Тарасенкі. Пра гэта стала вядома не з публічных рапартаў МУСу, а з незалежных медыяў.

Паводзіны міліцыі некаторым прыгадваюць часы НКВД. Зрэшты, самога міністра можна ўбачыць у міліцэйскай форме сталінскага перыяду. Апошнія прапановы чыноўніка таксама выклікаюць занепакоенасць. Шуневіч хоча зарабляць дзякуючы дармовай працы зняволеных. Сярод іншага, зэкі меліся б вырабляць форму для беларускіх хакеістаў.

Жорсткасць пануе і ў самой міліцыі

З шэрагаў МУСу выкідваюць кожнага, хто наважыўся публічна крытыкаваць начальства. Такі лёс сустрэў міліцыянтаў з Крычава. Паводле ўжо былых праваахоўнікаў, апроч знявагаў з боку кіраўніцтва, іх прымушалі, як у сумнавядомыя часы, выконваць план у выяўленні правапарушальнікаў.

Ян Бабіцкі, «Белсат», фота: Tolochko Viktor / ITAR-TASS / Forum