Чаму міліцыя бяздзейнічае, калі б’юць актывістаў?


Міліцыянтаў на душу насельніцтва ў Беларусі, як вядома, ці не найбольш у свеце. Між тым выкараніць альбо перадухіліць злачынствы гэткая колькасць праваахоўнікаў не здатная. Асабліва калі гаворка ідзе пра напады на грамадскіх актывістаў і крытыкаў цяперашніх уладаў.

Гэта калі ты грамадскі актывіст ці крытыкуеш Лукашэнку, цябе могуць выцягнуць з уласнай кватэры ці схапіць пасярод вуліцы ды кінуць за краты нібыта за нецэнзурную лаянку і размахванне рукамі. А вось калі ты, скажам, хуліган і напаў на грамадскага актывіста, то можа і абысціся. На цэнтральнай плошчы Маладзечна каля 20-25-ці неанацыстаў жорстка збілі анархіста і антыфашыста Вячаслава Касінерава, а таксама ягонага сябра і дзвюх сябровак.

«Узялі колькасцю. Ніхто па мне не патрапіў. Потым ужо спадцішка, падышоўшы да мяне ўпрытык, ачапіўшы мяне, мне галавою ўдарылі ў нос – хутчэй за ўсё, на гэтым моманце ён і зламаўся. Потым яшчэ некалькі ўдараў па галаве нанеслі, і ўжо нехта ззаду пацягнуў, са спіны. Падсечку зрабілі. Калі ўжо на зямлі апынуўся, мяне білі чалавек 5-7», – распавядае Вячаслаў Касінераў.

Пры гэтым подла білі не толькі хлопцаў.

«Яны ўжо збівалі нават дзяўчыну, якая была там таксама. Яны кінулі яе на асфальт, ёй таксама дасталася. Не ведаю, як яна потым дайшла дадому, але таксама да яе ўжывалі фізічны гвалт вось гэтыя людзі, якія называюць сябе неанацыстамі і могуць збіваць каго-заўгодна на вуліцах», – кажа Марына Насенка, сведка нападу.

Наконт бойкі міліцыянты Касінераву ўсё-ткі патэлефанавалі, аднак пісаць заявы актывіст не збіраецца: не верыць, што міліцыянты, якія дапусцілі жорсткі напад у цэнтры гораду, будуць шукаць вінаватых. А вось Мікола Шыманскі, якога збілі напярэдадні ў Бярозе, зблытаўшы з братам, за беларускую мову, цішотку з «Пагоняй» і рэлігійныя погляды, збіраецца ўсё-ткі прыцягнуць злачынцаў да адказнасці.

«Пачалі збіваць. Я стукнуўся патыліцай, не даў рады нешта сэнсоўнае зрабіць. Яны ўчатырох наляцелі: «Едзь у сваю Амерыку!» – там мацюкі паляцелі, усё такое. Карацей, збілі і такія: маўляў, во, бээнэфаўца адфігачылі – паехалі напемся!» – распавядае Мікола Шыманскі.

Што яшчэ лучыць гэтыя напады? Вызначыць нападнікаў праз камеры відэаназірання ў цэнтры Маладзечна не складана. Між тым, яны ўсцяж на свабодзе. Як і тыя, хто збіў Міколу Шыманскага. Усе чацвёра злачынцаў апазнаныя, але таксама не затрыманыя. Міліцыя цвердзіць, што чакае, пакуль бярозавец выйдзе са шпіталю.

Глядзіце таксама: