Чаму Лукашэнка ратуе чыноўнікаў ад міліцыі?

Сёння тут дзясяткі сталічных урадоўцаў і мясцовых чыноўнікаў – Ворша прымае выязное паседжанне Прэзідыуму Савету Міністраў. Аднак яшчэ на мінулым тыдні мерапрыемства дзяржаўнай важнасці было пад пагрозаю, бо знік кіраўнік аршанскага райвыканкаму. На працы яго не было, на тэлефанаванні не адказваў.

Каб высветліць сітуацыю, у справу ўмяшаліся сілавікі

«Па камандзе пасадоўцаў уварваліся ў дом, дзе знаходзіўся кіраўнік райвыканкаму з мэтаю, каб дастаць яго нібыта пасля нейкіх няправедных справаў. Уварваліся, пачалі нешта ўдакладняць, а новы чалавек прыйшоў працаваць, а ўжо кляймо на ім паставілі», – абураўся Лукашэнка.

«Новага чалавека» кіраваць Аршаншчынай прызначыў зусім нядаўна – 12-га траўня ўласна Лукашэнка. Але калі Леанід Пянькоўскі не з’явіўся на працу, папаўзлі чуткі, што ён з радасці ад прызначэння сышоў у запой. Такія гісторыі здараюцца з прадстаўнікамі вертыкалі. Гэтак нядаўна галоўны ідэолаг Асіповічаў у нецвярозым стане ажыццявіў тэлефоннае мінаванне мясцовага КДБ і Следчага камітэту.

Сілавікі яўна не чакалі, што выклікаюць гнеў Лукашэнкі

«Хто даў права да чалавека, узгодненаму да прызначэння прэзідэнтам, урывацца ў дом? Для таго, каб праваахоўнікам весці якія-кольвек дзеянні па чалавеку, што ўваходзіць у кадравы рэестр Прэзідэнта, трэба згода самога прэзідэнта», – злаваўся кіраўнік Беларусі.

Чалавека з рэестру і сапраўды знайшлі на месцы новага жыхарства – цытуем БелТА – «у хваравітым стане».

Нягледзячы на «слабое здароўе» прызначэнца, Аляксандр Лукашэнка, падобна, ускладае на яго немалыя надзеі.

Сёлета «малая радзіма» кіраўніка краіны сказала: «Баста!»

«Выйдзе на вуліцу адзін адсотак насельніцтва – складзецца рэвалюцыйная сітуацыя. У Воршы яна склалася, таму, я думаю, і быў аддадзены загад падняць Оршу з рэштак і попелу, а пасля пайшлі кадравыя перастаноўкі, каб сваіх паставіць, тых, хто будзе падымаць Оршу», – мяркуе мясцовы журналіст Ігар Казмерчак.

Толькі ці ў стане падняць Воршу чыноўнік, які дасюль заўважнымі дасягненнямі не адзначыўся?

«Усе ягоныя заслугі – выступіў на ўсебеларускім народным сходзе, узнагароджаны званнем ганаровы працаўнік сельскай гаспадаркі і быў чалавекам года Віцебшчыны», – дадае спадар Казмерчак.

Імаверна, таго, што такія мясцовыя кіраўнікі як Пянькоўскі – на вагу золата: падчас папярэдніх прэзідэнцкіх выбараў у сваім раёне ён забяспечыў фантастычную, амаль стоадсоткавую яўку выбарнікаў.

Вольга Старасціна, «Белсат», фота: Vasily Fedosenko / Reuters / Forum

Глядзі таксама