Чаму Лукашэнка прагне караць смерцю?


Канвой выводзіць асуджанага на смерць з залы суда. Імаверна, апошні здымак 33-гадовага жыхара Гомельшчыны Сяргея Вострыкава паспеў зрабіць кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі.

«Пэўная паўза ў выкананні смяротных прысудаў у гэтым годзе спынілася. У гэтым годзе мы маем расстрэл і чарговыя выракі ў судах», – зазначыў Алесь Бяляцкі.

Асуджэнне з боку міжнароднай супольнасці

Смяротны вырак Сяргею Вострыкаву, абвінавачанаму ў двух асобных выпадках гвалту і забойства, прагучаў напярэдадні Тыдня супраць смяротнага пакарання, удзел у якім бяруць прадстаўнікі ўплывовай Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека. У Менск яны прыехалі з адмысловаю справаздачай, якая выяўляе парушэнні правоў чалавека на ўсіх стадыях працэсу смяротнай кары ў нашай краіне.

«Рэжым у Беларусі не вельмі дэмакратычны. І як у выпадку іншых недэмакратычных краінаў, гэты рэжым грунтуецца на страху», – заявіў Флёран Бэлівіе з міжнароднай федэрацыі за правы чалавека.

Наяўнасць кары смерці ў Беларусі – галоўная перашкода на шляху далучэння краіны да Рады Еўропы. Увесці мараторый на смяротныя выракі неаднаразова заклікаў Еўразвяз, чарговы сігнал з Бруселю прагучаў сёння. Але беларускі бок застаецца глухі да просьбаў абʼяднанай Еўропы.

На рэферэндуме 96-га года супраць адмены смяротнага пакарання прагаласавала паводле афіцыйных вынікаў больш як 80 % выбарнікаў. Пытанне ішло разам з пытаннямі пра змену нацыянальных сімвалаў, а таксама пра пашырэнне паўнамоцтваў Аляксандра Лукашэнкі.

«Мне падаецца, што смяротнае пакаранне стаіць для яго ў адным шэрагу з такімі савецкімі ідэалагемамі, якія цяпер ёсць у нашым жыцці – такія, як сцяг, герб, смяротнае пакаранне. Тое, што нагадвае беларусам пра жорсткую руку», – упэўнены Алесь Бяляцкі.

Ці хочуць забойстваў беларусы?

Прыхільнікі жорсткае рукі ў пытанні смяротнага пакарання да гэтае пары ў большасці. Хоць і тут не ўсё адназначна, пераконваюць праваабаронцы. Адразу пасля выкання смяротнага прысуду ў рэзананснай справе аб выбуху ў менскім метро адбылася рэзкая змена грамадскага меркавання. Тады за адмену кары смерці выступіла амаль палова апытаных незалежнымі сацыёлагамі.

«Потым гэтыя лічбы адкаціліся назад, але гэта паказнік таго, што гэтае пытанне знаходзіцца ў вельмі эмацыйнай плоскасці», – мяркуе праваабаронца Андрэй Палуда.

І гэтымі эмоцыямі дасканала ўмее карыстацца кіраўнік Беларусі. За ўвесь час свайго кіравання Лукашэнка памілаваў толькі аднойчы, адмовіў – некалькім сотням асуджаных на смерць.

Вольга Жарнасек, «Белсат», фота – peopleactmagazine.fr